У МЗС Расіі запатрабавалі забяспечыць доступ консульскіх супрацоўнікаў да затрыманых расіянаў і спыніць нагнятаць «непатрэбныя, асабліва ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў, негатыўныя эмоцыі». Пра гэта паведамляе прэс-служба расійскага ведамства.

— Адыёзная трактоўка беларускім бокам затрымання 33 грамадзян Расіі не вытрымлівае ніякай крытыкі. На сёння нам вядома, што ўказаная група накіроўвалася транзітам праз Мінск у Стамбул, маючы на руках усе неабходныя дакументы, уключаючы авіябілеты. Усю лагістыку на тэрыторыі Беларусі забяспечвала беларуская кампанія. Па невядомых прычынах група не патрапіла на свой рэйс Мінск-Стамбул і вымушаная была затрымацца ў Беларусі ў чаканні набыцця новых авіябілетаў беларускай кампаніяй, — гаворыцца ў паведамленні МЗС Расіі.

У расійскім ведамстве выказалі здзіўленне таму, што беларускім бокам сітуацыя ўяўляецца спробай прадставіць тое, што здарылася, як знешняе ўмяшанне ў справы Беларусі.

— У распараджэнні беларускіх улад, у тым ліку авіяцыйных, ёсць усе неабходныя дакументы для ўстанаўлення ісціны, — падкрэслілі ў МЗС РФ.

МЗС Расіі таксама запатрабавала забяспечыць доступ консульскіх супрацоўнікаў да затрыманых расіянаў, спыніць нагнятаць «непатрэбныя, асабліва ў перыяд прэзідэнцкіх выбараў, негатыўныя эмоцыі».

— Разлічваем на ўзважаны аб'ектыўны падыход беларускага боку да ўсталявання ўсіх абставін таго, што здарылася ў цесным узаемадзеянні з расійскім бокам, — падсумавалі ў МЗС Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0