Гэты дыск адчыняе дзверы ў таямнічы свет айчыннага музычнага сінематографу. «Кліп‑марафон» — першае такога кшталту выданне ў Беларусі.

Заснавальнікі падышлі да справы звышадказна: на дыск трапіла найлепшае беларускае (беларускамоўнае!) музычнае відэа за апошнія дваццаць гадоў — усяго 43 відэатрэкі.

Кліпы ўмоўна можна падзяліць на тры групы:

гістарычнае відэа канца 80‑х, гэткія міні‑дакументальныя фільмы («Рэй», «Бонда»); відэа часоў «Кліп‑абоймы», калі кліпы N.R.M, «Новага неба» ды «Нейрадзюбеля» здымаліся ледзь не штомесяц; акуратныя, але ад таго маладушэўныя музычныя карцінкі, знятыя ў апошнія гады для тэлеканалу «Белсат».

За выняткам шэрагу ну зусім ужо прахадных (так скажам — звышмалабюджэтных) кліпаў «Харлі» ці «Ростры», уражанне беларускае відэа стварае пазітыўнае. Найперш за кошт безграшовай крэатыўнасці (глядзім «Ура» ці «Надзеньку»), наяўнасці нерву («Цэпеліны», «Храмы падаюць») ці проста добрага мастацкага густу («Тры Янгалы», «Абсэнт»).

Забаўна паглядзець кліпы польскіх рэжысёраў, знятых для «Белсату». Штучнасць кантэксту адчуваецца, але тая экзатычнасць дадае карцінцы вострага смаку.

Хто б з беларускіх рэжысёраў дадумаўся для кліпу «Крамы» зняць эпізод, дзе дзве паненкі абсмоктваюць адзін яблык?
На дыску ёсць і абсалютны рарытэт — кліп на «Гомельскі вальс» у выкананні музыкаў «Крамы», «Палацу» і Анатоля Ярмоленкі з «Сяброў», зняты Ягорам Хрусталёвым да 10‑годдзя Чарнобыльскай катастрофы. На БТ той кліп даўно ўжо быў знішчаны, але захаваўся ў прыватных архівах.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0