Каманда Лукашэнкі саступіла Гомельскай вобласці.

У мінскім Палацы спорту 19 красавіка завяршыўся фінальны раунд Другіх рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакею сярод аматарскіх каманд на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

У вырашальным паядынку каманда Гомельскай вобласці абыграла мінулагодняга пераможцу — дружыну прэзідэнта Беларусі — 9:8 (4:3, 2:2, 3:3) і стала ўладальнікам галоўнага прыза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Найлепшыя снайперы фінальнага матчу — форварды Міхаіл Клімін з Гомельскай вобласці і Андрэй Асташэвіч з каманды Лукашэнкі, якія закінулі па тры шайбы.

Аляксандр Лукашэнка закінуў адну шайбу і стаў аўтарам дзвюх выніковых перадач.

Прызы лепшым ігракам сустрэчы ў складзе каманды Лукашэнкі атрымалі форвард Андрэй Асташэвіч і абаронца Алег Мікульчык.

Напярэдадні фінальнага раунда каманда Гомельскай вобласці ўмацавалася віцэ‑чэмпіёнамі беларускай экстралігі ў складзе клуба «Гомель» абаронцамі Андрэем Філічкіным, Яраславам Масленікавым, форвардамі Міхаілам Кліміным, Паўлам Мусіенкам, Яўгенам Есаулавым.
Акрамя таго, у дружыне Гомельшчыны з’явіўся былы форвард зборнай Беларусі Андрэй Скабелка, які з’яўляецца цяпер адным з настаўнікаў «Гомеля». Бронзавы прызёр беларускай экстралігі жлобінскі «Металург» дэлегаваў у каманду Гомельскай вобласці форварда Аляксея Ложкіна і галоўнага трэнера Яўгена Лебедзева, які кіраваў дзеяннямі каманды ў фінале.

Каманда Лукашэнкі аказалася аслабленай адсутнасцю Уладзіміра Цыплакова, які стаў найлепшым бамбардзірам папярэдняга этапа спаборніцтваў. Ён у складзе штаба нацыянальнай зборнай Беларусі адправіўся на таварыскія матчы ў Грэнобль. З трыбун за фінальным паядынкам назіраў адзін з пастаянных удзельнікаў каманды прэзідэнта Міхаіл Захараў, які траўмаваны.

Бронзавым прызёрам Другіх рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод аматарскіх каманд на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба стала каманда Мінскай вобласці, якая ў матчы за 3‑е месца перамагла дружыну Віцебскай вобласці — 10:4.

Падагульняючае ж становішча каманд пасля папярэдняга этапа было такое: каманда прэзідэнта Беларусі — 12 ачкоў (розніца шайбаў 63‑33), Гомельская вобласць — 8 (63‑36), Мінская вобласць — 8 (66‑40), Віцебская вобласць — 7 (46‑44), Гродзенская вобласць — 5 (34‑38), Брэсцкая вобласць — 2 (31‑53), Магілёўская вобласць — 0 (30‑89).

Найлепшым варатаром турніру прызнаны варатар каманды Гомельскай вобласці Дзмітрый Кузняцоў, які адбіў 3 буліты ў фінальным паядынку. Лепшым абаронцам названы Алег Раманаў, форвардам — Андрэй Кавалёў з каманды Лукашэнкі.

Найлепшым бамбардзірам стаў форвард Лукашэнкі Андрэй Асташэвіч, які зарабіў 27 балаў (12+15) па сістэме «гол плюс пас».

Сам Аляксандр Лукашэнка набраў 16 ачкоў (4+12).

Арганізатарамі спаборніцтваў з’яўляюцца рэспубліканскае дзяржаўна‑грамадскае аб’яднанне «Прэзідэнцкі спартыўны клуб», Міністэрства спорту і турызму Беларусі, асацыяцыя «Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь» і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?