Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі (АДС) плануюць пачаць падрыхтоўку антыкрызісных агітатараў.

Пра гэта 20 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску паведаміў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Гэтыя людзі будуць не толькі добра ведаць палажэнні Антыкрызіснай платформы АДС, але і здолеюць прапагандаваць яе сярод насельніцтва. Як мінімум у вялікіх гарадах мы такіх людзей падрыхтуем», — сказаў палітык.

Паводле слоў Лябедзькі,

толькі за 20 дзён красавіка выдана 200 тысяч асобнікаў газет з матэрыяламі аб Антыкрызіснай платформе АДС.
«Калі ўлічыць, што адну газету чытае, як правіла, некалькі чалавек, то 700—800 тысяч чалавек змаглі азнаёміцца з Антыкрызіснай платформай АДС», — сказаў палітык. Паводле яго меркавання, гэта «нядрэнны паказчык».

Найбліжэйшым месяцам, паведаміў Лябедзька,

у АДС плануюць надрукаваць прыкладна 500 тысяч улётак і брашур з інфармацыяй аб Антыкрызіснай платформе дэмсіл.

Гэты дакумент быў прыняты 13 сакавіка на пасяджэнні прэзідыума палісавета АДС. Антыкрызісная платформа складаецца з трох частак. У першай даецца ацэнка цяперашняй сітуацыі ў эканоміцы. У другой змешчаны пералік першачарговых мер, у тым ліку па дэбюракратызацыі, якія неабходна прыняць найбліжэйшымі месяцамі. Трэцяя частка дакумента тычыцца важнейшых кірункаў новага эканамічнага курсу, разлічанага на перыяд ад трох да пяці гадоў. Аб’яднаныя дэмсілы прапануюць вырашыць шэраг стратэгічных задач, у ліку якіх — прававая, адміністрацыйная, падатковая, бюджэтная і крэдытная падтрымка збалансаванага развіцця эканомікі, а таксама паскоранае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у сферу кіравання.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0