Адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага кіраўніка.
Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі развіццё двухбаковых адносін, падрыхтоўку да правядзення восенню ў Гродне ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Адзначана неабходнасць прыкласці максімум намаганняў для таго, каб гэтае мерапрыемства дало важкія практычныя вынікі, паслужыла актывізацыі супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі таксама абмеркавалі эпідэміялагічную сітуацыю ў краінах, меры па барацьбе з распаўсюджваннем каранавірусу, абмяняліся назапашаным у гэтым плане вопытам.
Гаворка таксама ішла пра ўзмацненне памежнага кантролю на беларуска-ўкраінскай мяжы і актывізацыі ўзаемадзеяння паміж пагранічнымі ведамствамі.
Уладзімір Зяленскі закрануў у размове пытанне аб затрыманых у Беларусі баевіках.
Ён праінфармаваў, што яны ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на Данбасе, і ўкраінская пракуратура вядзе расследаванне паводле гэтых фактаў. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу адзначыў, што праваахоўныя органы будуць супрацоўнічаць па гэтым пытанні ў рамках падпісаных з Расіяй і Украінай міжнародных пагадненняў.
Прэс-служба ўкраінскага лідара дадае, што Лукашэнка і Зяленскі падрабязна абмеркавалі пытанні, звязаныя з затрыманнем баевікоў. «Адзначана важнасць далейшага эфектыўнага ўзаемадзеяння кампетэнтных органаў дзвюх дзяржаў, у прыватнасці ў кантэксце перадачы Украіне асоб, якія падазраюцца ў тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі нашай дзяржавы.
Уладзімір Зяленскі выказаў перакананне, што датычным да дзеянняў незаконных фармаванняў на Данбасе не ўдасца пазбегнуць справядлівага пакарання.
«Спадзяюся, што ўсе падазраваныя ў тэрарыстычнай дзейнасці на тэрыторыі Украіны будуць нам перададзеныя для прыцягнення да крымінальнай адказнасці згодна з дзейнымі міжнародна-прававымі дакументамі», — сказаў кіраўнік Украінскай дзяржавы.