Фота Кацярыны Прасняцовай, flickr.com
Паліттэхнолагу Віталю Шкляраву прад'явілі абвінавачванне па 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса Беларусі — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Пра гэта тэлеканалу «Дождь» паведаміў ягоны адвакат Антон Гашынскі. Абарона мае намер абскардзіць абвінавачванне.
Па словах Гашынскага, Шкляраў адмаўляе сваю віну і не ведае, «ці былі гэтыя падзеі [у якіх яго абвінавачваюць] наогул»…
Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле складае тры гады пазбаўлення волі.
Валерыя Шклярава затрымалі ў Мінску 29 ліпеня. Дзяржаўны беларускі тэлеканал АНТ паведамляў, што затрыманне Шклярава звязанае з ягонай працай на Сяргея Ціханоўскага — мужа кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, які ад 29 мая знаходзіцца ў СІЗА.
У штабе Святланы Ціханоўскай заявілі, што Шкляраў не працаваў на яе мужа.
4 жніўня Шкляраў паведаміў праз свайго адваката, што супрацоўнікі СІЗА аказваюць на яго псіхалагічны ціск.