Міністэрства інфармацыі Беларусі 7 жніўня вынесла пісьмовае папярэджанне парталу Tut.by за распаўсюд «недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам».

5 жніўня Tut.by пісаў пра тое, якія парушэнні зафіксавалі назіральнікі, што не трапілі ў лік абраных, якім дазволена знаходзіцца на выбарчых участках. У тэксце быў таксама каментар ЦВК. Назіральнік Аляксандр Якубоўскі, акрэдытаваны на 19-ы ўчастак у пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна, распавёў пра свае падлікі (прыйшоў 21 выбаршчык супраць указаных у пратаколе 164), адзначыўшы, што на ўчастку ён знаходзіўся з моманту апячатвання скрыні і да канца дня.

Мінінфарм лічыць, што інфармацыя пра час знаходжання назіральніка не адпавядае рэчаіснасці.

Па Законе аб СМІ выпуск сродка масавай інфармацыі можа быць прыпынены на тэрмін да трох месяцаў рашэннем рэспублiканскага органа дзяржкіравання, калі выданне не ліквідуе парушэнні, якія паслужылі падставай для вынясення пісьмовага папярэджання, альбо не дакладзе пра гэта ў Мінінфарм. Тэрмін выканання, напісаны ў папярэджанні, — 8 жніўня.

Рашэнне аб вынясенні пісьмовага папярэджання можа быць у месячны тэрмін абскарджана ў судовым парадку. Tut.by з рашэннем Мінінфарма не згодны. Рашэнне аб абскарджанні яшчэ не прынятае, але, каб пазбегнуць блакіроўкі рэсурсу, былі ўнесены змены ў тэкст артыкула.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0