Не зусім спачатку зразумела, што хаваецца пад гэтымі двума словамі на вокладцы. Высветляецца, што гэта зборнік песень кампазітара(?) і паэта(?) — Святаслава Пазняка ды Наталлі Ладыгінай адпаведна.

На пару яны працуюць на ўмацаванне стэрэатыпу пра беларускую папулярную музыку, як з’явы чыста правінцыйнай. Чысцюткімі і пастаўленымі галасамі пяюць клоны зорак расійскага МузТВ — Вольга Вронская, Вера Карэтнікава, яшчэ нейкія невядомыя людзі, таксама ёсць Барабаншчыкава з Грыбалёвай і трохі Ухцінскага.

Імянныя складанкі ў нас дазваляюць сабе выдаць хіба такія кампазітары‑мегамонстры, як Лучанок ці неабыякія песеннікі, як Някляеў. У сувязі з гэтым незразумела, з якой мэтай спадарства Пазняк і Ладыгіна выдалі дыск?

Для сябе? Дык навошта тады было наймаць супермузыкаў Анцішына і Лютага і рабіць такі наклад? Для эпатажу? Занадта сурова у параўнанні з «Разбітым сэрцам пацана» ці «Белай страказой любові». Дзеля рэальнага поспеху? Тут ужо трэба пра паэзію: «на сердце скверно, не звонит телефон…но весна в микрофон поёт и всё хорошее повторяется». Будзем спадзявацца, што паўтарацца будзе сапраўды толькі харошае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?