Анатоль Ляўковіч

Анатоль Ляўковіч

Інтэрв’ю Анатоля Ляўковіча газеце «Советская Белоруссия» ўвайшло ў гісторыю беларускага дэмакратычнага руху як акт капітуляцыі аднаго з яго дзеячаў. Піша Анатоль Сідарэвіч.

У гісторыю сацыял‑дэмакратычнага руху Беларусі яно ўвайшло як адмова ад базавых каштоўнасцяў дэмакратычнага сацыялізму (адна фраза «Дэмакратыя – не «святарная карова» чаго вартая), як адрачэнне ад запаветаў Івана і Антона Луцкевічаў, ад спадчыны Беларускай Сацыялістычнай Грамады і сфармуляваных ёю канстытуцыйных асноў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Умацаванню пазіцый БСДП у міжнародным сацыялістычным руху Ляўковічава інтэрв’ю не паслужыць. Наносіць Ляўковіч і ўдар усёй беларускай дэмакратычнай апазіцыі.

Сваім інтэрв’ю Анатоль Ляўковіч упісаў у гісторыю сучаснай беларускай сацыял‑дэмакратыі яшчэ адну ганебную старонку. (Першую старонку ён упісаў тады, калі, як кажа партыйнае паданне, за энную суму саступіў пасаду старшыні БСДП Аляксандру Казуліну.)

Чаму?

Чаму Анатолю Ляўковічу вельмі залежала на тым, каб апублікавацца ў «Саўбелцы»?

Ляўковіч мне патлумачыў сваю згоду напісаць артыкул для «СБ» прагматычна: пасля таго, як у гэтай газеце з’явіцца ягоны артыкул, Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі (Грамадзе) будзе лягчэй жыць і працаваць. Але гэта толькі паўпраўды.

Сапраўды, як і ўсе дэмакратычныя партыі, БСДП знаходзіцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы. БСДП нават у больш цяжкім становішчы, чым іншыя партыі. Адпаведна, у цяжкім матэрыяльным стане знаходзіцца і ён, Анатоль Ляўковіч. Берасцеец, ён мусіць наймаць у Менску жыллё, харчавацца, выдаткоўваць грошы на транспарт, сувязь і г. д. Акрамя таго, у яго ёсць абавязкі і перад сям’ёю. Карацей, барацьба барацьбой (невядома, калі і чым яна скончыцца), а жыць (задавальняць матэрыяльныя патрэбы) неабходна цяпер.

Логіка ўчынкаў Ляўковіча простая: калі не палепшыцца матэрыяльнае становішча партыі, дык мо палепшыцца маё асабістае становішча?

У 2005 годзе дацэнт Берасцейскага дзяржаўнага універсітэта Ляўковіч вырашыў стаць прафесійным палітыкам і перайшоў на пасаду старшыні БСДП. Ён, мабыць, спадзяваўся, што ў матэрыяльным сэнсе нічога не страціць, а нават і набудзе. Аднак відавочна, што ён памыліўся. Маючы дыплом філосафа, Ляўковіч забыў, што ў адну і тую ж раку двойчы не ўваходзяць. Тое, што меў Мікалай Статкевіч, стала недаступным для Анатоля Ляўковіча. Згадзіўшыся саступіць пасаду старшыні партыі Аляксандру Казуліну, ён паставіў БСДП па‑за Інтэрнацыяналам і не можа спадзявацца на салідарнасць з ім іншых сацыял‑дэмакратычных, сацыялістычных і рабочых партый. І яму нічога не заставалася, як павярнуцца тварам да ўлады. А тут яшчэ Еўропа пачала гульні з афіцыйным Менскам. Чаму ж не выкарыстаць зручны момант?

Вось і ўся прагматыка Ляўковічавага інтэрв’ю.

Характар выказванняў

Я не памылюся, калі ахарактарызую выказванні Анатоля Ляўковіча як сервілісцкія ў дачыненні да ўлады і асабліва да Аляксандра Лукашэнкі.

Палітычная барацьба падчас вымагае ад чалавека поўнай самааддачы. Трэба быць Іванам Луцкевічам, каб весці бізнес і на заробленыя грошы выдаваць «Нашу Ніву», ажыццяўляць іншыя культурніцкія і палітычныя праекты, каб, сабраўшы багатыя калекцыі, што склалі аснову Беларускага музея ў Вільні, шкадаваць гэтага багацця для сябе, для папраўкі ўмоў свайго жыцця і нават здароўя. Трэба быць высокаталенавітым публіцыстам, крытыкам і палітычным мысліцелем Антонам Луцкевічам, каб, страціўшы працу ў Беларускай гімназіі, перабрацца з двума сынамі ў аднапакаёвую кватэру, весці паўгалоднае жыццё і не пайсці на службу таму палітычнаму рэжыму, у апазіцыю да якога ён стаў ад самага пачатку.

Палітычная барацьба бывае надта працяглаю. Можна і памерці, не дачакаўшыся здзяйснення сваіх спадзяванняў.

Не ў кожнага стае фізічных і маральных сілаў, каб выстаяць у барацьбе. Не ў кожнага стае цярпення. І тады людзі кіруюцца правілам «не можаш перамагчы іх – далучыся да іх».

Не можаш перамагчы іх – далучыся да іх

Помніцца, што ў свой час Анатоль Ляўковіч не адзін раз ганьбаваў за згодніцтва Уладзіміра Нісцюка, але я не магу згадаць, дзе і ў якім тэксце Уладзімір Нісцюк апусціўся да панегірыкаў сістэме і яе «стырнавому».

Уладзімір Нісцюк, паспадзяваўшыся на тое, што за прымірэнчыя жэсты ўлада дасць яму магчымасць атрымаць мандат, мусіў 28 верасня 2008 года расчаравацца. 21 снежня ён пакінуў партыю і палітыку ды жыве жыццём прыватнага чалавека.

Няўжо і Анатоль Ляўковіч марыць пра мандат? Ці ён, маючы перад сабою прыклад Уладзіміра Нісцюка, сваім інтэрв’ю хоча папросту выклянчыць ва ўлады якую‑небудзь пасаду ва універсітэце, у інстытуце і таксама стаць прыватнаю асобай?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?