Папулярная мастацкая галерэя «Падземка», якая дзейнічала ў аднайменнай краме на праспекце Незалежнасці, спыняе сваё існаванне. Крама «Падземка», на тэрыторыі якой працавала галерэя, застаецца.

«У працэсе рэарганізацыі прыватнай юрыдычнай асобы, на базе якой з 2004 году ўзнікла галерэя «Падземка», скасаванае структурнае падраздзеленне, дырэктаркай якога была я, — кажа Валянціна Кісялёва. — Новае кіраўніцтва, праігранараваўшы ўсе папярэднія дамоўленасці, заявіла аб немагчымасці далейшага супрацоўніцтва. Усё здарылася за адзін дзень: гаспадар крамы і памяшкання заявіў, што фармат галерэі яму нецікавы і таму ён яе зачыняе».

«Прычына закрыцця галерэі — яе нерэнтабельнасць, — сказаў нам па тэлефоне гаспадар памяшкання Павел Рысакоў, — Сітуацыя непрыемная як для мяне, так і для Валянціны, але я не бачу перспектывы ў галерэі і выставах на тэрыторыі крамы. Разам з тым, сама крама не зачыняецца — у дадатак, як называлася, так і будзе называцца «Падземкай». І тавар застанецца больш менш той самы — хіба больш не будзе выставаў».

Галерэя «Падземка» ў краме «Падземка» ў апошнія гады ператварылася ў папулярную і запатрабаваную пляцоўку для ладжання шматлікіх выставаў і прэзентацыяў. Не так даўно, напрыклад, у ёй праходзіла аўтарская выстава Адама Глобуса. У самой краме «Падземка» прадаюцца сувеніры, прыкладное мастацтва, дыскі і індыйскія тавары. На базе крамы таксама працуе кнігарня, дзе прадаюцца збольшага беларускія кнігі.

Валянціна Кісялёва дадае, што галерэя «Падземка» будзе існаваць у інтэрнэт-фармаце па адрасах podzemka.org і artpodzemka а запланаваныя на бліжэйшыя паўгоды культурныя праекты будуць праводіцца на іншых пляцоўках Менска.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?