Крымінальную адказнасць за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення ў Беларусі плануецца ўзмоцніць.
Аб гэтым паведаміў у інтэрв’ю карэспандэнту БЕЛТА старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўству і судова‑прававых пытаннях Мікалай Самасейка.

Такая норма змяшчаецца ў папраўках, якія дэпутаты рыхтуюць да разгляду на сесіі ў першым чытанні.

Паводле слоў Мікалая Самасейкі, «кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане — вельмі злабадзённая тэма».

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам асоба, якая ўчыніла такое правапарушэнне першы раз, прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. У выпадку паўторнага парушэння на працягу года пасля накладання спагнання надыходзіць крымінальная адказнасць. Яна рэгулюецца першай часткай артыкула 317прым. КК пад назвай «Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап’янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжання праверкі». Пакаранне прадугледжвае пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам, або папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю, або арышт на тэрмін да 6 месяцаў.

У адпаведнасці з новым законапраектам першая частка артыкула застаецца без змяненняў.

Папраўкі ўносяцца ў другую. У іх вызначана, што тыя ж дзеянні, учыненыя асобай, якая раней была асуджана па частцы 1 артыкула 317, прыводзяць да штрафу ад 300 да 1 тыс. базавых велічынь, або да папраўчых работ на тэрмін да 2 гадоў, або арышту да 6 месяцаў, або абмежавання волі да 2 гадоў, або пазбаўлення волі да 2 гадоў. Такім чынам, максімальнай мерай пакарання згодна з папраўкамі, што прапануюцца, будзе пазбаўленне волі да 2 гадоў.
Паводле дзеючага цяпер заканадаўства — гэта арышт да 6 месяцаў, растлумачыў Мікалай Самасейка. Ён дадаў, што «рашэнне аб тым, якую меру пакарання прымяніць да парушальніка, будзе вырашаць суд з улікам канкрэтных абставін»

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0