У Гродне масава распаўюджваецца інфармацыя пра забастоўку на горадаўтваральным «Гродна Азоце».

Прэс-служба і аддзел ідэалогіі завода суткі не выходзілі на сувязь з карэспандэнтам Нашай Нівы, адмаўляліся каментаваць гэтыя чутскі, спасылаючыся на занятасць і не здымаючы слухаўку.

Сёння, калі пачала распаўсюджвацца інфармацыя пра тое, што некалькі цэхаў прадпрыемства спынілі сваю працу, з намі на сувязь выйшла прэс-служба «Гродна Азота»: «Праца ідзе ў штатным рэжыме. Не варта верыць тэлеграм-каналам. Калі б наша прадпрыемства спыніла працу, тут адбылася б тэхнагенная кататстрофа. Горад бы выбухнуў».

Тое, што баставаць «Гродна Азоту» небяспечна, сказаў і Андрэй Ханевіч, старшыня арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу ААТ «Гродна Азот», які 10 жніўня накіраваў заяву ў ЦВК з просьбай перагледзець вынікі выбараў. Яе падтрымаў актыў з 20 чалавек.

«Калі спыніць тут вытворчасць, гэта небяспечна для горада і краіны. Мы не ворагі самі сабе. На мой погляд, на прадпрыемстве больш за 90 адсоткаў работнікаў нязгодныя з вынікамі выбараў, яны галасавалі не толькі за Святлану, але і за іншых кандыдатаў, але не за дзейснага кіраўніка краіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0