Увечары 11 жніўня пазадарожнік без апазнавальных знакаў узяў на таран легкавы аўтамабіль з пасажырамі. Перад гэтым амапаўцы абстралялі машыну гумавымі кулямі. ​Гісторыя тарану легкавіка міліцэйскім джыпам і яго наступстваў, расказаная Свабодзе дачкой затрыманых Верай Шыпінай.

У сацыяльных сетках ёсьць відэа надзвычайнага здарэньня, якое адбылося ў раёне станцыі менскага мэтро «Каменная Горка» 11 жніўня, на трэці дзень акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў.

У салёне была сямейная пара Шыпіных — Аляксей і Аксана. Апошняя — родная сястра вядомага рэжысэра-кінадакумэнталіста Андрэя Куцілы. Да яго яны і ехалі ў госьці — выяжджалі вуліцай Лабанка ў бок кальцавой дарогі.

«Выбягаюць спэцназаўцы і пачынаюць страляць па дзьвярах машыны»

Што паслужыла падставаю такой агрэсіўнай рэакцыі экіпаваных спэцназаўцаў — пакуль невядома. Але непаўналетніх дзяцей 13 і 17 гадоў праз тэлефон паінфармавалі, што бацькі атрымалі па 15 содняў арышту кожны і цяпер знаходзяцца ў СІЗА Жодзіна.

«Усё як звычайна: рухаліся ў агульным патоку, — расказвае акалічнасьці надзвычайнага здарэньня 17-гадовая Вера Шыпіна. — Усё гэта бачна на відэа. І тут выбягаюць спэцназаўцы і пачынаюць страляць па дзьвярах машыны. А пасьля з супрацьлеглага боку налятае белы джып і тараніць. Тата спрабаваў ухіліцца, у выніку выскачылі на сустрэчную паласу, дзе іх прыціснулі да ўзбочыны. Бацьку скруцілі, маму выцягнулі і загадалі пакласьці рукі на капот».

Як бачна на відэа, пасьля гэтага неідэнтыфікаваныя пасажыры пазадарожніка адчынілі багажнікі абедзьвюх машынаў, але незразумела, дзеля чаго, працягвае Вера. Прынамсі не відаць, ці нешта спрабавалі падкінуць, бо багажнік іхнага аўтамабіля быў абсалютна пусты.

«У гэты момант я набрала маму, каб даведацца, ці даехалі яны да Андрэя, — кажа дзяўчына. — І чую: «Вера, нас затрымалі, разьбілі машыну, мы ў бусе». Нават не аўтазак, а нейкі мікрааўтобус зь ціхушнікамі, не амапаўцы… Учора нічога дабіцца не ўдалося, сёньня зь дзясятага разу дазванілася на 102, пакінула заяўку, што бацькоў скралі, я і мой непаўналетні брат засталіся адны. Неўзабаве званок — дыспэтчар Фрунзэнскага РУУС. Маўляў, бацькоў не знайшлі, вы там трымайцеся.

Празь некалькі гадзінаў сама зноў набрала і мяне «супакоілі»: знайшліся ў Жодзіне, атрымалі па 15 содняў кожны. За што — невядома».

«Дно будзе тады, калі пачнуць страляць у людзей баявымі»

Вера не разумее: як такое магчыма, каб пакінулі дзяцей без бацькоў? Зрэшты, яна сумняецца, што суд быў увогуле, хутчэй за ўсё, абышліся выязнымі «тройкамі». Няма пэўнасьці, ці пакінулі іх у Жодзіне, бо была інфармацыя, што празь перапаўненьне камэраў некаторых вывозяць у Барысаў і Смалявічы.

«Мы ня ведаем, дзе яны, пагатоў арыштантаў павінны рассаджваць па мужчынскіх і жаночых «аддзяленьнях», — гаворыць Вера Шыпіна. — Не разумеем пакуль, што рабіць. Трэба было б адвезьці перадачу — цяпер холадна, а яны былі лёгка апранутыя, але сёньня дакладна не пасьпеем, бо да 17.00 прыём. Будзем старацца заўтра…»

Аксану і Аляксея затрымлівалі як «тэрарыстаў» ці ўзброеных «бандзюкоў», кажа Андрэй Куціла.

«Прынамсі так выглядае на відэа: падразаюць, выштурхоўваюць празь некалькі палосаў, прыціскаюць. Даволі брутальна. Разумею, што спачатку Аляксей нават хацеў іх аб’ехаць, бо невядома, што за людзі, машына не міліцэйская, без сырэнаў, апазнавальных знакаў. Як такое магчыма? Вяртаньне ў «ліхія 1990-я»? Каб былі даішнікі — гэта адно. А тут нейкія «браткі». Пачалі страляць, ясна, што першая рэакцыя — ратавацца. Проста капец. Уяўляю, у якім яны былі шоку. Падбілі машыну якраз з таго боку, дзе сядзела сястра».

Машыны ў тым месцы, дзе Шыпіным давялося яе кінуць, ужо няма. Андрэй Куціла дапускае, што яе адцягнулі на штрафную пляцоўку, пакуль пошукамі ён не займаўся. Іншая рэч — ці атрымаецца яе забраць без дакумэнтаў, якія засталіся ў гаспадароў тэхнікі? Тым часам кожны дзень «захаваньня» каштуе 60 рублёў.

«Дно яшчэ не прабітае. Дно будзе тады, калі пачнуць страляць у людзей баявымі, вось гэта будзе фініш. У Берасьці ўжо паспрабавалі, чаму не распаўсюдзіць досьвед на іншыя рэгіёны? У гэтай сытуацыі пакуль дзівіць адно: чаму няма страйкаў па краіне? Толькі страйкамі, толькі ўзьдзеяньнем на эканоміку можна гэтае беззаконьне спыніць», — падсумоўвае Андрэй Куціла апошнія падзеі ў сям’і і краіне.

Рэакцыя МУС

Прэсавая сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава выслухала інфармацыю пра гэты выпадак, запісала прозьвішчы затрыманых і абяцала, што ў ведамстве разьбяруцца і пазьней інфармуюць Свабоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0