Віктар Марціновіч на budzma.by пра тое, што адбываецца тут і цяпер у нашай краіне. 

Я дасведчаны глядач.

Мяне вельмі складана ўразіць.

Тым больш - расчуліць.

Але калі я гляжу той відос з-пад Акрэсціна, калі чую крыкі болю тых, каго там катуюць, а пасля адкрываю ролік, дзе капэла Дзяржаўнай філармоніі спявае «Магутны Божа» ў знак пратэсту супраць таго, што чорныя нарабілі ў нашай краіне, слёзы паляць мне вочы.

Гэта немагчыма трываць, але глядзець, слухаць і чытаць — патрэбна. Як патрэбна размаўляць з тымі, хто ўжо адседзеў. Каго без усялякага суду пратрымалі ў камеры, забітай людзьмі настолькі, што яны там не маглі нават сядзець - месца не хапала. Каму не давалі ежы два дні. Каго не выводзілі нават па малой патрэбе і распараджаліся «дзелаць пад сябе».

Я слухаю і гляджу зноў і зноў.

Бо гэта сёння - мы.

Тая краіна, якую мы любім. Краіна, дзе да нядаўняй пары ўсе выдатна памяталі, хто такія карнікі.

Я разумею, што тыя, каго збіваюць у турмах ці ў раённых РУУСах (а ёсць дастаткова сведчанняў, што катаванні адбываюцца не толькі ў цэнтрах ізаляцыі і турмах, але і ў пастарунках) - не вінаватыя. Частка з іх - у адрозненне ад мяне - проста выпадковыя людзі. Якія выйшлі з тралейбуса не ў той момант. І вось гэтых людзей складаюць штабелямі на падлогу, збіваюць у горкі яблык, запісваюць з імі здзеклівыя відосікі аб «пакаянні», карыстаючыся тым, што адказаць яны не могуць.

І гэта адбываецца не ў нацысцкай Нямеччыне, не 75 гадоў таму, а тут і цяпер, у нашым з вамі горадзе.

Валанцёры распавядаюць, што тыя, каго ўначы выпускалі з астрогаў (бо яны настолькі перапоўненыя, што ўтрыманне там пагражае ўжо не толькі здароўю, але і жыццю!), беглі ад іх прэч. Яны нават не прымалі загатаваную для іх ежу і ваду. Што перад вызваленнем іх паказальна збівалі і запужвалі, так, што людзі выляталі за брамы не азіраючыся, нібы збеглі з Асвенцыму.

І я не магу сабе уявіць свет людзей, якія ўсё гэта робяць. Я ведаю, што іх мазгі надзейна перапрашытыя, што карціна рэчаіснасці ў іх не адпавядае аб’ектыўнаму стану. Што яны ўспрымаюць усіх, хто выйшаў (і ўсіх, хто нават праходзіў побач) праплочанымі наймітамі, якія намагаюцца тут нешта расхістаць.

Але тут не пра гэта гаворка.

Нават калі мы - ворагі.

А вы - героі.

Хто вас падвучыў, што ворагаў можна катаваць?

Што так выглядае геройства?

З якой Бібліі ці Кодэкса Будаўніка Камунізму вы гэтаму навучыліся?

Ці вы ведаеце, што нават ва ўзброенных канфліктах войска не паводзіцца так з ваеннапалоннымі? А калі асобныя жаўнеры ці афіцэры санкцыянуюць катаванні - дык іх за гэта потым паказальна - менавіта паказальна - караюць, пазбаўляюць звання і пагон?

Дык што вы робіце?

Заходнія дыпламаты пачалі казаць, што сітуацыя ў Беларусі патрабуе ўжо не проста санкцый, але і крымінальнага даследавання. Асабліва калі факты смерці пратэстоўцаў пацвердзяцца.

Дык ці не думалі вы пра тое, што вы, вашы дзеянні з «палоннымі» могуць стаць адной са старонак гэтага даследавання? І што ў выпадку, калі адказваць прыйдзецца вашым камандзірам, вы - тыя, хто не дае вады і ежы, хто б’е, хто брудна лаецца - зробіцеся разменнай картай? Што менавіта вас, з прозвішчам, месцам жыхарства, біяграфіяй і акаўнтам у «Аднакласніках» здадуць, каб захаваць сябе?

І да таго ж: якім бы ні быў прыказ, напрыклад - паводзіцца «жорстка» з затрыманымі, у вас заўсёды ёсць «калідор стараннасці». І для таго, каб потым не гарэць у пекле - у якое вы напэўна ж не верыце - дастаткова проста не быць яўнымі садыстамі?

Калі войска адной краіны здзяйсняе напад на іншую краіну і робіць захоп палонных гэта называецца «вайна». Ці - «акупацыя». Як назваць сітуацыю, калі тое самае войска ці «вартаўнікі закону» захопліваюць сваіх?

Суседзяў па пад’ездзе?

Суграмадзян?

Калі б’юць і абражаюць іх выключна за іншую пазіцыю?

Гэта ўсё - па-за межамі ўжо не толькі закону і этыкі, але - чалавечнасці.

Чым бы ні скончыўся жнівень 2020-га года, гэтыя крыкі болю з-за муроў застануцца з вамі назаўсёды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?