Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Калектыў Купалаўскага тэатра запатрабаваў спыніць гвалт да мірных грамадзян і выступіў за пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў. Зварот падтрымалі каля 200 супрацоўнікаў тэатра.

— Мы патрабуем ад усіх сілавых структур неадкладна спыніць гвалт адносна мірных грамадзян, якія маюць законнае канстытуцыйнае права на свабоду збораў і выказвання сваіх меркаванняў. Адвольныя затрыманні без тлумачэння прычын і нічым не вытлумачальная жорсткасць з’яўляюцца прамым парушэннем закону.

Калектыў Купалаўскага лічыць, што ёсць мноства падстаў не давяраць вынікам галасавання, агучаных ЦВК. Таму выступае за мірны дыялог і пералік галасоў.

— У дадзены момант зняць напружанне дапамог бы просты крок: адкрыты і празрысты пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў, прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у прэзідэнты і грамадскасці.

Купалаўцы заклікалі ўлады вызваліць усіх затрыманых.

— Мы прыпыняем паказ спектакляў да вырашэння існуючай сітуацыі і ініцыюем працэдуру абвяшчэння забастоўкі. Вельмі спадзяёмся на мірнае вырашэнне сітуацыі і на тое, што розум і закон у нашай краіне перамогуць.

Сезон у Купалаўскім тэатры павінен быў адкрыцца 21 жніўня прэм'ерай спектакля «En souvenir de Шагал», прысвечаны мастаку Марку Шагалу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0