Журналіста аштрафавалі за тое, што ён здымаў «чалавека ў цывільным».

16 красавіка Алесь Любянчук у якасці журналіста прысутнічаў у судзе Першамайскага раёна на працэсе па скарзе моладзевага актывіста Змітра Хведарука.

Пасля заканчэння судовага паседжання ён браў у З. Хведарука інтэрв’ю. Побач знаходзіліся яшчэ некалькі чалавек, якія прысутнічалі ў судзе – сябры, блізкія Хведарука і журналісты. У гэты момант незнаёмы малады чалавек у цывільным пачаў здымаць іх на аматарскую відэакамеру. На патрабаванне патлумачыць, з якой мэтай гэта робіцца, альбо спыніць здымкі, ён не адрэагаваў.

Па словах Любенчука, тады ён узяў сваю відэакамеру і пачаў здымаць незнаёмца.

«Той занерваваўся, падбег да нас, пхнуў моцна аб’ектыў відэакамеры і, дастаўшы з кішэні рацыю, нешта па ёй перадаў. Мы пайшлі адтуль, але літаральна праз некалькі хвілін гэты чалавек падышоў да нас у суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі. Міліцыянт па прозвішчы Дзядзейка заявіў, што я затрыманы за парушэнне грамадскага парадку. Я пагадзіўся з імі пайсці, бо міліцыянт папярэдзіў, што ў адваротным выпадку адвядзе мяне сілай», — распавёў у гутарцы з прэс-службай БАЖ А. Любянчук.

Міліцыянты правялі асабісты дагляд журналіста і склалі два адміністратыўныя пратаколы. Паводле аднаго, Любенчука вінавацяць у супраціўленні супрацоўнікам міліцыі. Другі пратакол складзены паводле скаргі незнаёмца з відэакамерай, які заявіў, што Алесь Любянчук нібыта крычаў на яго, цягаў за вопратку і штурхнуў яго камеру. (З пратакола стала вядома прозвішча гэтага чалавека — К. Харлан. Міліцыянтам К. Харлан прадстаўляўся як супрацоўнік камітэта дзяржбяспекі).

У дзяжурным аддзяленні Першамайскага РУУС А. Любенчука сфатаграфавалі і ўзялі ў яго адбіткі пальцаў. Ноч яго пратрымалі ў пастарунку, а раніцай збіраліся судзіць. Аднак у звязку з тым, што Алесь Любянчук запатрабаваў прысутнасці свайго адваката, разгляд адміністратыўнай справы быў перанесены на 21 красавіка (суд Першамайскага раёна г. Мінска).

21 красавіка суд аштрафаваў Любенчука на 770 000 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?