У рэанімацыі 3-дзіцячай бальніцы Мінска цяпер ляжыць 16-гадовы Цімур М. Туды яго даставілі з Партызанскага РУУС 13 жніўня, а 12 жніўня затрымалі ў раёне Каменнай горкі. Хлопец быў у медыкаментознай коме, ён вельмі моцна збіты, у яго чэрапна-мазгавая траўма, страсенне галаўнога мозгу, адкрыты пералом скулы — арбітальнага комплексу, сутаргавы сіндром, параарбітальная гематома справа, множныя ўдары мяккіх тканін і канечнасцяў, траўматычныя эрозіі рагавіцы абодвух вачэй. Сям'я плануе звяртацца ў пракуратуру і Cледчы камітэт, каб правялі расследаванне і прыцягнулі вінаватых да крымінальнай адказнасці, піша Tut.by.

— З Цімурам мы ўчора паспелі пагаварыць, пры слове «міліцыя» ў яго пачынаецца панічная атака, яму палкай выколвалі вочы, - распавядае мама падлетка Таццяна Мікалаеўна.

12 жніўня Цімур з сябрам павінны былі ехаць на дачу на рыбалку і хлопец пайшоў да яго. Але Цімур прапаў: да аднаго ён не прыехаў, сям'я шукала сына. 13 жніўня маме патэлефанавалі са школы і сказалі, што Цімур у бальніцы. У 3-ю гарадскую дзіцячую бальніцу яго даставілі на хуткай з Партызанскага РУУС. Зараз хлопец у рэанімацыі, быў у медыкаментознай коме.

Таццяна Мікалаеўна дасылае даведку сына з бальніцы, дыягназ займае шэсць радкоў. У Цімура чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, страсенне галаўнога мозгу, адкрыты пералом скулы —арбітальнага комплексу без зрушэння справа (пералом верхнясківіцавай азухі без зрушэння адломкаў, лінейны пералом дна арбіты без зрушэння атломкаў), гемасінусіт правай верхнясвівіцавай пазухі, сутаргавы сіндром, параарбітальная гематома справа, множныя ўдары мяккіх тканін і канечнасцяў, траўматычныя эрозіі рагавіцы абодвух вачэй.

- Яго затрымалі на дыспетчарскай станцыі Захад-3, гэта каля станцыі метро «Каменная горка», — распавядае Арцём, брат Цімура. — Яго збілі падчас затрымання, потым у аўтазаку, пасля гэтага некалькі прыпынкаў рабілі і таксама білі. У бальніцу ён трапіў 13 жніўня. Ён распавядае, што яго білі электрашокерам па пятках, казалі, ты цяпер будзеш спяваць гімн АМАПа, ён адмаўляўся, пасля гэтага яго галаву перакулілі, яго трымалі, у рот засунулі палку і забівалі яе. Цімур кажа, што яму яшчэ пашанцавала —мужыку, які быў побач, палку ў прамую кішку засунулі, а 14-гадовага хлопца білі па геніталіях.

Па словах Арцёма, Цімур ужо ў свядомасці, і ён расказаў, што пасля катаванняў яго хацелі кінуць у падвал, але прыйшоў нейкі мужчына і сказаў, што гэта будзе на іх сумленні, пачаў яго адкачваць, выклікалі хуткую.

- Дактары кажуць, што яго стан паляпшаецца, яго вывелі з комы, учора ён са мной размаўляў хвілін 30, жартаваў і смяяўся. І ўчора ўвечары да яго міліцыя спрабавала патрапіць, нам таксама тэлефанавалі дадому, казалі, што будуць разглядаць сітуацыю Цімура для распачынання крымінальнай справы, я так разумею на АМАПаўцаў, - кажа Арцём.

Цімур дагэтуль у рэанімацыі, ён са шматдзетнай сям'і, дзе дзевяць дзяцей. Ён вучыцца ў школе, захапляецца рыбалкай.

Родныя Цімура будуць звяртацца ў пракуратуру і Следчы камітэт, каб правялі расследаванне і прыцягнулі вінаватых да крымінальнай адказнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?