Пераламіць народныя настроі мітынгам у сваю падтрымку Лукашэнка не здолеў, мяркуе палітычны аналітык Свабоды Юры Дракахруст, яго тэкст у тэлеграм-канале.

Першы паказьнік гэтага — не атрымалася, нават пры дапамозе адміністрацыйных мераў, сабраць велізарную, неверагодную колькасьць людзей. Сабралася нямала, але ў параўнаньні з рэвалюцыйнымі мітынгамі — значна менш.

Але самае галоўнае — Лукашэнку, які прыехаў на мітынг і выступіў на ім, не ўдалося сказаць запаветнае слова, якое б запала ў душы і сэрцы беларусаў, як ён гэта ўмеў напачатку свайго кіраваньня.

Уставаньне на калені — рэмэйк жэсту Пятра Парашэнку на фінальным мітынгу падчас леташняй выбарчай кампаніі. Парашэнку, нагадаем, гэта не дапамагло. Акрамя таго, жэст двухсэнсоўны. Лукашэнку ўжо сытуацыя паставіла на калені — можна ж і так прачытаць.

За што і перад кім устаць на калені было б варта — дык за сотні катаваных на Акрэсьціна, у Жодзіне, і ў іншых засьценках «народнай улады», за зьбітых, за параненых гумавымі кулямі, за прынамсі двух забітых. Але Лукашэнка ўстаў на калені не перад імі.

Пра гэтыя зьверствы, дарэчы, сказаў нават адзін з выступоўцаў на афіцыйным мітынгу. Гэта, як бачым, жахнула нават перакананых лукашэнкаўцаў.

Самога Лукашэнку, гледзячы па ўсім, не. Самі вінаватыя, як ён казаў падчас пандэміі.

Так, сёньня не паўтарылася сытуацыя, калі ў 1989 годзе ў Румыніі народ, скліканы на мітынг у падтрымку дыктатара Чаўшэску, асьвістаў яго. Але і пераламіць сытуацыю, так выглядае, у Лукашэнкі не атрымалася, мяркуе палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Паводле БТ, на той мітынг выйшла 70 тысяч чалавек

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0