Украіна ўпершыню ў гісторыі дыпляматычных стасункаў зь Беларусьсю адклікала свайго амбасадара зь Менску, піша Радыё Свабода.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заяўляе, што Аляксандар Лукашэнка падарваў давер між Беларусьсю і Ўкраінай, перадаўшы Расеі затрыманых «вагнэрацаў», чым нанёс «сур’ёзны ўдар па двухбаковых дачыненьнях».

«Пасьля гэтага Аляксандар Лукашэнка неаднаразова і цалкам беспадстаўна абвінавачваў Украіну ў недружалюбных кроках супраць Беларусі. Якасна новыя пагрозы як асабістай бясьпецы грамадзян, так і рэгіянальнай бясьпецы ў цэлым вынікаюць з афіцыйных паведамленьняў аб магчымым актыўным удзеле Расеі і АДКБ у вырашэньні сытуацыі ў Беларусі», — заявіў Дзьмітро Кулеба.

Паводле яго, спалучэньне гэтых фактаў і дзеяньняў, а таксама разьвіцьцё падзеяў у Беларусі, грамадзтва якой выказала вотум недаверу афіцыйным вынікам прэзыдэнцкіх выбараў, рэзка зьмяняе сытуацыю ва ўкраінска-беларускіх дачыненьнях:

«Улічваючы гэта, я вырашыў выклікаць амбасадара Ўкраіны ў Беларусі Ігара Кізіма для кансультацыяў у Кіеў з мэтай ацэнкі пэрспэктываў украінска-беларускіх дачыненьняў у новай рэчаіснасьці, распрацаваць адпаведныя рашэньні з улікам цэлага комплексу фактараў. Мы ўпершыню ў гісторыі робім такі крок у адносінах зь Беларусьсю і робім гэта выключна празь недапушчальныя дзеяньні Менска».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?