Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Віктар Марціновіч на budzma.by пра доўгачаканае вяртанне нацыянальнай сімволікі. 

Памятаеце, беларусы абураліся, што гімнам беларускага пратэсту зрабілася песня «Перамен» Віктара Цоя? Якая — пры жывых Вольскім і Міхалку — мае няшмат агульнага з Беларуссю? 

Памятаеце, беларусы бедавалі, што з трох папулярных прэтэндэнтаў у кандыдаты ніводзін не беларускамоўны? А пасля — што «трыумвірат грацый» звяртаецца да нацыі не на мове? 

Дык паглядзіце, як хутка ўсё выправілася, ледзь толькі прыгасіўся рэжым.

Заходжу ў пераход. Мне насустрач уздымаецца групка моладзі. У кожнага трэцяга на плячах самаробны бел-чырвона-белы сцяг. Яны яшчэ нават мяне не пабачылі, яны не ведаюць, свой я ці не свой. Але з іхнага боку ўжо грыміць: «Жыве Беларусь!» — «Жыве», — адказваю ім агаломшана. Праходжу яшчэ 10 метраў (а сцэнка разгортваецца ўначы на Пушкінскай плошчы), і новыя юнакі, узрост якіх цалкам выключае тое, што яны могуць памятаць Пазняка, вітаюцца: «Жыве Беларусь!»

Далей я выходжу да праезнай часткі і бачу нейкі спраўджаны сон адраджэнца дзевяностых: бясконцая чарга машын, упрыгожаных бел-чырвона-белым, павольна цягнецца ўздоўж людскога ланцуга, і яны, пасажыры і пешаходы, здароўкаюцца, гукаючы «Жыве Беларусь!». Раве «Жыве Беларусь» дзядзька са сцягам, што высунуўся з лючка на велізарным седане. Пяюць «Жыве Беларусь» падлеткі, што ўскараскаліся на платформу міні-грузавічка, упрыгожыўшы яго сімволікай. 

А пасля паміж сабой зноў пераходзяць на рускую мову, бо, натуральна, беларускай валодаюць пакуль недастаткова.

Што рабілася з бел-чырвона-белымі сцягамі і беларускім нацыянальным вітаннем на акцыі ля стэлы, вы самі бачылі. 

Усё сеціва ўчора задавалася пытаннем, адкуль у людзей, што жылі ў нашым утульным чырвона-зялёным свеце, столькі «непажаданых» сімвалаў. 

Але са сцягам усё зразумела: яго можна пашыць уласнаручна, хаця я толькі што пачуў вельмі кранальную гісторыю пра тое, як сям’я беларусаў, што шмат гадоў таму эмігравала ў Канаду, выйшла на акцыю салідарнасці з тым сцягам, што забрала з Радзімы, — пры тым, што, калі збіраеш рэчы, каб ад’ехаць назаўсёды, кожны грам у багажы — на вагу дыяментаў.

Саколкі з «Пагоняй» сам не пашыеш. 

А іх навокал зрабілася да гарышча. 

Як новыя, «сімвалбаеўскія», так і старыя, лінялыя, яшчэ з «тых», старадаўніх, часоў пачаткавання дыктатуры. 

У 1999-м людзі выйшлі ў іх адсвяткаваць Дзень Волі, потым расчараваліся, спужаліся, адклалі ў шафу. А тут раптам успомнілі. Падумалі, што самы час. І памер падышоў. 

Адметна было заўважыць такую на жанчыне, што прадавала цыбулю на рынку, — яна мне гэтую гісторыю і распавяла.

«Перамен» працягвае гучаць з большасці аўто, і гэта моцная песня. Яскравы маркер пазіцыі, пачуўшы які, навакольныя тачкі падтрымаюць цябе бібіканнем. Але прачынаецца і іншая музыка — так, напрыклад, гітарыст з дзяўчынай-скрыпачкай у пераходзе ля Камароўкі на маіх вачах рэпетавалі «Тры чарапахі» — мабыць, яны не гралі Вольскага дагэтуль і ім трэба было ўзгадніцца па гучанні. «Магутны Божа» быў першым спевам, які выканала капэла Дзяржаўнай філармоніі на прыступках. А воклічы «Жыве Беларусь» пачалі дазваляць сабе нават машыністы метро пасля аб’яўлення прыпынкаў. 

Усё, што цяпер адбываецца, — вычарпальны адказ на пытанне пра лёс мовы, нацыянальнага сцяга, нашых гімнаў пасля таго, як гэтая 26-гадовая шызуха скончыцца. 

Я дапускаю, што ўсё, што мы цяпер бачым, — яшчэ зусім не фінал. Што зараз па запрашэнні чалавека, што знаходзіцца ў роспачы, пад’едзе расгвардыя, ці вярнуцца чорныя, ці аб’явяцца «цітушкі». І мая Радзіма будзе патопленая ў яшчэ большай крыві, а страх вернецца яшчэ на 5 гадоў.

Але я дакладна ведаю, што будуць спяваць, якімі сцягамі ўпрыгожваць вуліцы і як вітаць мінакоў пасля выздараўлення краіны. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?