З работнікамі «Нафтана» ў Наваполацку 17 жніўня сустрэўся кіраўнік КДК Іван Церцель. На сустрэчы нафтанаўцы вылучылі шэраг патрабаванняў рэспубліканскім, мясцовым уладам, а таксама кіраўніцтву завода. «Сітуацыя ў краіне вельмі цяжкая. Калі мы не супакоімся, будзе другая Украіна. Таму вам выбіраць», — казаў Іван Церцель пад крыкі «Ганьба!» і «Сыходзь!», піша tut.by.

Як і многія чыноўнікі, Іван Церцель пачаў сваю прамову з аповеду пра тое, якую вялікую дапамогу дзяржава аказвае прадпрыемству.

— Я хацеў бы сказаць некалькі момантаў. Першае — вы ведаеце, якую дапамогу дзяржава аказвала заводу? — сказаў кіраўнік КДК. Ён нават не паспеў дагаварыць, як людзі пачалі скандаваць: «Сыходзь!»

Далей ён распавёў, што тое, што адбываецца цяпер можа прывесці да краху прадпрыемства. Ну ці да значнага памяншэння штату на ім.

— Тыя меры, якія нам прапануюць, прывядуць да рэфармавання эканомікі. Прадпрыемствы «Нафтан» не будзе, або на ім будзе 2,5 тысячы чалавек.

Народ працягваў скандаваць: «Сыходзь!»

— Паглядзіце, дзе такія прадпрыемствы ва Украіне, іх проста няма. Вы выдатна разумееце, вы чулі праграмы асноўных кандыдатаў — ад Бабарыкі, ад Цапкалы. Іх асноўнае патрабаванне — гэта прыватызацыя, рэструктурызацыя прадпрыемстваў, — працягнуў Іван Церцель. Удакладнім, што ні Віктар Бабарыка, ні Валерый Цапкала не апублікавалі свае перадвыбарчыя праграмы, бо не былі зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты.

Церцеля пастаянна перабівалі крыкамі і не давалі практычна нічога сказаць. Людзі патрабавалі перадаць мікрафон начальніку аддзела рэалізацыі нафтапрадуктаў Вользе Брыцікавай, якая стаяла побач з выступоўцам і цягнула руку, каб задаць пытанне.

— Ці хочам мы слухаць пра тое, як было, як будзе, як ва Украіне? — спытала яна ў Церцеля.

— З тым, што вы цяпер кажаце, мы, напэўна, можам у нейкай частцы пагадзіцца. Але праблема ж не ў гэтым. Мы зрабілі свой выбар, і ў нас яго скралі. Гэта тое, што нам баліць, гэта тое, што перашкаджае нам дыхаць. Мы адчуваем сябе здраднікамі ў адносінах да тых жанчын, мужчын, якія спрабавалі лічыць сумленна. Мы адчуваем сябе здраднікамі ў адносінах да тым грамадзянам Беларусі, якія трапілі пад бязмежны, неадэкватны «хапун». Што б вы нам цяпер ні сказалі, вы не можаце зняць праблему — у нас скралі наш выбар. Народ Беларусі прагаласаваў. Мы тут не для таго, каб слухаць гутаркі. Мы тут для таго, каб абараняць свае канстытуцыйныя правы.

Мы тут для гэтага. Усе астатнія размовы дапамогуць нам вырашыць пытанне?

Работнікі прадпрыемства хорам закрычалі: «Не!»

Да мікрафона зноў падышоў Іван Церцель. Ён сказаў, што «Нафтан» знаходзіцца ў вельмі сур'ёзнай эканамічнай сітуацыі, ідзе мадэрнізацыя. 

— Нашы рынкі цяпер сціскаюцца, прадукцыя, якая выпускаецца «Нафтанам», вельмі добрая, яе шмат. Мы толькі на трошкі сыдзем з рынкаў - не адновімся. Гэта заработная плата. Гэта вашыя сем'і, нашы сем'і. Будзе па-іншаму, будзе іншы гаспадар. Будзе 2,5 тысячы чалавек. Давайце не рабіць таго, пра што потым і мы, і нашы дзеці пашкадуем, — папрасіў кіраўнік КДК. — Што тычыцца выбараў…

Дагаварыць яму не далі. Да мікрафона падышоў іншы выступоўца, таксама чыноўнік.

— Усе агучаныя патрабаванні будуць перададзеныя ў неабходныя інстанцыі. Што тычыцца нашай дапамогі: юрыдычная, прававая — звяртайцеся. Усё, што тычыцца людзей, затрыманых, ёсць магчымасць апратэставаць рашэнне. Што тычыцца ўсяго астатняга, я заклікаю вас заставацца на працы. Калі вы прымеце рашэнне, то гэта павінна быць без шкоды для вытворчасці. Завод павінен працаваць, — падкрэсліў ён. — Усе гэта павінны разумець.

На сустрэчы таксама выступіла жыхарка горада Наваполацка, якая працуе ў Полацку выкладчыкам.

— Мой муж адпрацаваў на» Нафтане 15 гадоў. І я ведаю, што тут працуюць разумныя і моцныя людзі. Я тут таму, што было запрашэнне і для жыхароў горада прыйсці і паслухаць. Я хачу сказаць, што вы сёння вельмі вялікая сіла горада і ўсяго рэгіёну. Мы, жыхары, ужо тры дні спрабуем выйсці на размову з кіраўніком горада, з начальнікам міліцыі, яны дзесьці ад нас хаваюцца. Учора выходзілі да выканкама, пазаўчора, пазапазаўчора. І гэта, напэўна, зразумела. Таму што сённяшняя ўлада нелегітымная, яна ўтрымліваецца сілавым метадам.

Я была незалежным назіральнікам. Я сама бачыла, як фальсіфікуюцца вынікі выбараў. Я бачыла, як да заканчэння галасавання 9-га чысла да выбарчых участкаў былі выстаўленыя аўтаматчыкі. Гэта што такое?

Гэта гестапа ў горадзе? Нас выгналі з плошчы законам аб масавых мерапрыемствах. Мы сваім маўчаннем дамагліся таго, што на плошчу выйшлі карнікі, білі нашых дзяцей. Стралялі ў нашых дзяцей. Напэўна, кожнага з вас гэта кранула. І цяпер вось гэтая улада спрабуе нас забалбатаць. Таму, калі ласка, нафтанаўцы, не дайце сябе забалбатаць. Улада, якая дапускае гвалт над сваім народам, прыніжэнне свайго народа, яна павінна сысці, і мы павінны стаяць да канца.

Да мікрафона зноў выйшаў Іван Церцель.

— Я вам скажу так. Сітуацыя ў краіне вельмі цяжкая. Калі мы не супакоімся, будзе другая Украіна. Таму вам выбіраць, — вымавіў ён і сышоў са сцэны.

Людзі закрычалі яму ўслед: «Ганьба!»

— Мы толькі што пачулі, што сітуацыя ў нас у краіне цяжкая. З чаго раптам яна стала цяжкай? - задалася пытаннем Вольга Брыцікава. — Яшчэ тыдзень таму ўсё цвіло і пахла.

Дык, можа, таму, што яна была цяжкай?

Перад тым як усе пайшлі працаваць, перад калегамі выступілі яшчэ двое завадчан. 

— Калегі! Выбары — гэта ад слова «выбар». І мы зрабілі свой выбар. Нас спрабуюць вучыць, як нам жыць. Хлопцы, 26 гадоў за нас вырашалі, як нам жыць. 26 гадоў нам даводзілася мірыцца з іх выбарам. Цяпер мы зрабілі свой. І, можа быць, вам пара з ім мірыцца? — спытаў малады работнік прадпрыемства.

— Мяне а 20.10 у нядзелю (у дзень выбараў) затрымалі і пасадзілі на 5 сутак за тое, што я грамадзянін. Да 20.00 я быў жаданым на ўчастку, я быў грамадзянінам, мяне сустракалі, давалі бюлетэнь. Як толькі наступіла 20.10, я стаяў за плотам і чакаў, пакуль мне скажуць вынікі. І я стаў непажаданым парушальнікам. Будзьце асцярожныя, беражыце сябе і сваіх блізкіх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0