У вайсковым шпіталі Мінска памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Пра гэта TUT.BY распавялі сваякі берасцейца. Ён атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Брэста падчас пратэстаў.

Сваякі двое сутак не маглі знайсці Генадзя Шутава. Высветлілі, што яго даставілі спачатку ў Брэсцкую абласную бальніцу, а затым верталётам пераправілі ў вайсковы шпіталь у Мінск. Дачка Людміла распавядала TUT.BY што ў бацькі агнястрэльнай траўма, «пашкоджанні мозгу цяжкія і шырокія, лекары не даюць ніякага прагнозу».

Генадзь Шутаў памёр у шпіталі сёння, 19 жніўня, у 10.20.

У МУС паведамілі, што ў Брэсце ўвечары 11 жніўня міліцыя страляла ў пратэстуючых з агнястрэльнай зброі на паражэнне. Паводле звестак міліцыі, ёсць паранены. Ці мелі яны на ўвазе Генадзя Шутава, невядома.

Міліцыя тады сказала, што на паражэнне стралялі для абароны жыцця і здароўя супрацоўнікаў ад «групы агрэсіўна настроеных грамадзян з арматурай у руках», калі тых не спынілі папераджальныя стрэлы ўверх.

9-11 жніўня ў хуткую і бальніцы Брэста звярнуліся каля 100 чалавек з ударамі мяккіх тканак, траўмамі рук і ног, грудной клеткі, жывата. Шпіталізавалі 23 чалавекі, некаторым з іх спатрэбіліся аперацыі.

Нагадаем, вечарам пасля выбараў і наступным днём у Брэсце адбыліся масавыя пратэсты гараджан і сутычкі з міліцыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0