Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Віктар Марціновіч на budzma.by пра дзяржаўны рэванш і еднасць беларусаў. 

Тое, што цяпер адбываецца (тыя стыкеры, тыя звезеныя ў Гомель «забацькаўцы»), — гэта рэванш. Дарэмна было думаць, што 300 тысячам мірных пратэстоўцаў дастаткова сабрацца ў адным месцы, а яшчэ мільёну — па іншых гарадах, каб сістэма здалася і пачала сыпацца.

Пасля тыдня адноснай пасіўнасці актывізаваліся тыя, чыя работа — прыпужваць і дэмаралізаваць. Кажуць, што нават нанятыя спецыялісты з-за мяжы пад’ехалі, на добрыя грошы. Людзі ў твітары пачалі пісаць пра «дэпрэсію», у шэрагах падманутых на выбарах пачаліся ваганні і спрэчкі. 

Я бачыў гэтую рэакцыю ўсе мінулыя кампаніі. Дабро сумняваецца, што лепей: ісці патрабаваць вызвалення тых, каго збіваюць, ці змоўкнуць, бо тых будуць збіваць яшчэ горш? Неўзабаве могуць пачацца ўзаемныя папрокі, абвінавачванні, а сістэма, у адрозненне ад звычайных людзей, будзе захоўваць сваю вертыкальнасць і непахіснасць.

Адсюль узнікне адчуванне, што пратэстоўцаў няшмат, а «забацькаўцаў» да халеры. 

Менавіта на тое робіцца разлік.

Але ёсць адна праблема.

Якая палягае ў тым, што гэтым разам тых, хто галасаваў «супраць», сапраўды большасць. Гэта было добра бачна па чэргах, што стаялі, каб здаць свой подпіс, па натоўпе з белымі стужкамі ля выбаркамаў у дзень галасавання. Ды што там, дастаткова жыць цяпер у Беларусі, хадзіць у краму ці хаця б ездзіць па вуліцах, каб увесь час натыкацца на ланцугі, шэрагі людзей са сцягамі ды чуць «Перамен!».

Ведаеце, чаму было адчуванне трыумфу з серады да нядзелі? Ведаеце, што прынцыпова змянілася?

Беларусы перасталі баяцца адно аднаго. Раней, калі на выхадзе з крамы нехта пачынаў дзяліцца адчуваннямі ад дзяржаўнага падману, натоўп яго шугаўся, думаючы, што такія смелыя рэчы кажа ціхар. Цяпер ты можаш смела загаворваць з кожным, больш за тое, да цябе ўвесь час звяртаюцца — з усмешкай, з падбадзёрваннем — простыя мінакі, суседзі па грамадскім транспарце, і адчуванне еднасці незвычайнае. 

Усе людзі ўтаропленыя ў тэлефоны, і ты можаш смела пытацца «што новага» і быць упэўнены, што цябе зразумеюць як след, што адкажуць пра ланцугі, страйкі і астатняе.

Менавіта гэтая еднасць — асноўны выклік сістэме. Еднасць, а не страйкі ці самі ланцугі, як можа падацца на першы погляд. 

Бо менавіта адчуванне пляча аднадумца-суседа дазволіла медыкам не пабаяцца даць праўдзівую інфармацыю пра збітых, якіх дастаўлялі з ізалятараў. 

Вы наогул разумееце, што зрабілі людзі ў белых халатах? Як смела яны пачалі паводзіцца? Пад які ціск — і якіх страшных людзей ціск — яны сябе паставілі?

Калі б не лучнасць, дактары б адводзілі позіркі і мармыталі нешта няўцямнае, як гэта было ў 2010 годзе з Някляевым, якога панеслі ў турму моцна збітага, проста са шпіталя, а сёй-той з таго шпіталя зрабіў пасля «бліскучую кар’еру» менавіта за сваё маўчанне.

Менавіта еднасць дала моцы купалаўцам зрабіць тое, што яны зрабілі.

Хацеў бы падкрэсліць: нідзе ў постсавецкім свеце не было сітуацыі, калі ўвесь акторскі калектыў нацыянальнага драматычнага тэатра — галоўнай сцэны краіны — звальняўся ў знак салідарнасці з пакараным дырэктарам, які выказаўся супраць гвалту.

І яшчэ адно. 

У мяне ёсць стойкае ўражанне, што тыя рэжысёры, якія выпіхваюць «чырвона-зялёны» натоўп у месцы, ужо занятыя пратэстоўцамі, наўмысна правакуюць сутычкі. 

Чаму праўладны мітынг на плошчы Незалежнасці пачаўся акурат тады, калі да стэлы пачалі сцягвацца сотні тысяч прыхільнікаў пераменаў? Чаму з таго праўладнага мітынгу людзей скіроўвалі туды, да стэлы? Навошта так было рабіць? 

Што было ўчора ў Гомелі, калі дзве людскія масы — прывезеная на аўтобусах, дзе яе падвучвалі правільна крычаць «за бацьку», і стыхійная — скіраваліся адна да адной у цэнтры?

Людзі, якія імкнуцца да мінімізацыі гвалту, ніколі б не зрабілі такіх крокаў. «Забацькаўцы» мусілі махаць сваімі сцягамі ў прынцыпова іншы час, у іншым месцы.

А зроблена так было менавіта таму, што сістэма разумее: асноўны выклік для яе — наша лучнасць. 

Пачуццё таго, што чалавек з чырвона-зялёным сцягам — не вораг чалавеку з бел-чырвона-белым. Што ён гэтаксама падмануты падчас гэтых выбараў, гэтаксама пастаўлены ў небяспеку падчас каранакрызісу — як і ўсе спрэс. 

Менавіта таму маўчалі і вагаліся тыя, чыя работа — прыпужваць і дэмаралізаваць. Іх у першыя дні няшмат што адрознівала ад большасці. Іх гэтаксама выпадкова маглі «прыняць» на выхадзе з тралейбуса, на лаўцы ля пад’езда. 

Але шлях памнажэння варожасці — ён такі. 

Раскалоць, раз’яднаць, даць розныя сцягі, а потым яшчэ і нацкаваць.

Не вядзіцеся на правакацыі. 

Не сварыцеся.

Не кідайцеся адно на аднаго.

Яднайцеся.

Нас — большасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?