19 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч памаліўся пад сценамі ізалятараў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, якія сталі сімвалам катаванняў мірных грамадзян, нязгодных з фальсіфікацыямі на выбарах, паведамляе catholic.by

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі наведаў гэтае месца болю і цярпення разам з супрацоўнікамі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas, Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра «Дабрачыннай місіі Добрага самараніна» і валанцёрамі, якія ўсімі сіламі імкнуцца падтрымаць людзей, што апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

У сярэдзіну арцыпастыра не ўпусцілі. На вуліцы, пад дажджом іерарх маліўся разам з групай вернікаў, сярод якіх былі духоўныя і кансэкраваныя асобы і ўдзельніцы руху «Маці ў малітве».

Пасля малітвы арцыбіскуп больш за гадзіну размаўляў з людзьмі, якія былі зняволены на Акрэсціна, і з валанцёрамі, якія аказваюць ім дапамогу.

Сабраныя пад сценамі ізалятара, як і напярэдадні каля СІЗА на вуліцы Валадарскага, дзякавалі кіраўніку каталіцкага епіскапату краіны за яго прынцыповую пазіцыю непрымання насілля. Нагадаем, што Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі ў апошнія дні неаднаразова звяртаўся з патрабаваннем вызваліць усіх незаконна затрыманых падчас акцый пратэсту мірных грамадзянаў.

14 жніўня ён выказаў гэтае патрабаванне ў звароце да дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто ў дзяржаве выконвае ўладу на розных узроўнях, а раніцай 18 чэрвеня яшчэ адзін зварот іерарх скіраваў непасрэдна міністру ўнутраных спраў Юрыю Караеву. Адказу ад уладаў да гэтага часу няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?