«Каб не чакаць, пакуль мяне папросяць сысці, я напісаў заяву на звальненне сам. Сёння быў апошні дзень маёй працы», — кажа Дзмітрый Рытвінскі.

Дзмітрый Рытвінскі, фота са старонкі ў фэйсбуку

Дзмітрый Рытвінскі, фота са старонкі ў фэйсбуку

Палова калектыву — прыкладна 88 чалавек — Нацыянальнага кадастравага агенцтва падпісала адкрыты зварот да ўлад, у якім асуджаюць беспадстаўную жорсткасць сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзян. Работнікі патрабуюць спынення кровапраліцця, справядлівага расследавання ўсіх фактаў перавышэння службовых паўнамоцтваў, вызвалення ўсіх палітзняволеных, правядзення новых выбараў, выканання закона, гарантавання грамадзянскіх правоў і бяспекі для ўсіх грамадзян.

Ліст ужо накіраваны ў Дзяржаўны камітэт па маёмасці, Адміністрацыю прэзідэнта, Генеральную пракуратуру, Савет Рэспублікі, Канстытуцыйны суд, Вярхоўны суд і Савет міністраў. У выпадку нерэагавання на яго і невыканання патрабаванняў супрацоўнікаў НКА, яны будуць разглядаць прававую магчымасць правядзення забастоўкі.

«У нас былі дзве сустрэчы кіраўніцтва з працоўным калектывам з нагоды адкрытага звароту. Гаварылася пра тое, што, маўляў, трэба перафармуляваць, скарэктаваць і гэтак далей. Такая гульня ўдоўгую: загаварыць і нічога па выніку не зрабіць», — кажа Дзмітрый Рытвінскі.

Ужо экс-намеснік гендырэктара НКА адзначае, што ў калектыве зараз вельмі складаны маральна-псіхалагічны клімат. Падзеі, якія адбыліся пасля 9 жніўня, дзеянні сілавікоў абмяркоўвалі ўсе.

«Людзі перажываюць, баяцца, што будзе далей. Я нікога не заклікаў звальняцца, у любым разе арганізацыя неяк павінна працаваць, не спыняцца. Хто прыме сваё самастойнае рашэнне сысці — гэта будзе яго рашэнне, — акцэнтуе Дзмітрый. — Пакуль я не ведаю, што буду рабіць далей. Трэба перажыць гэты момант, бо эмацыйнае напружанне перад прыняццем рашэння аб сыходзе было даволі высокае, асабліва ўчора.

Дагэтуль перажываю за тое, што адбываецца ў краіне. Я не згодны з той палітыкай, якую зараз праводзіць улада. Працаваць у дзяржаўнай арганізацыі ў сістэме, дзе ты не згодны з палітыкай, якую праводзіць дзяржава, — гэта таксама дзіўна. Табе перыядычна будуць указваць, што трэба рабіць, як гэта было, у прынцыпе, і раней. Зараз гэта, магчыма, будзе яшчэ ў больш жорсткай форме. Эскалацыя напружання, ціску, яна раптоўна нікуды не дзенецца. Працу заўсёды можна адшукаць, а вось сумленне, калі згубіш, можна ўжо і не знайсці».

Дзмітрый Рытвінскі працаваў у Нацыянальным кадастравым агенцтве на працягу 18 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?