Падчас наведвання ваеннага палігона пад Гродна Аляксандр Лукашэнка расказаў, як бачыць сітуацыю ў краіне.

«Усё зразумела. Як мы і меркавалі, усё ідзе па плане каляровых рэвалюцый з узбуджэннем унутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. Арыгінальнасць і асаблівасць сітуацыі складаецца ў тым, што падключаны знешні фактар, што бывае не заўсёды. Звычайна яны раскручваюць унутры, зрынаюць дзейную ўладу. Але паколькі ўлада ў нас на месцы, жорстка супраціўляецца (і не толькі супраціўляецца, але і кантралюе сітуацыю), падключылі знешні фактар», — перадае словы Лукашэнкі агенцтва БелТА.

На думку Лукашэнкі, апаненты хочуць разгрупіраваць сілы беларускіх вайскоўцаў і праваахоўнікаў, адцягнуць ад унутранай сітуацыі і напружыць на знешняй мяжы. Ён лічыць, што адначасова з гэтым ідзе актывізацыя пратэстных настрояў і бандытызму ў грамадстве.

«Вы бачыце, што яны ўжо цягнуць сюды «альтэрнатыўнага прэзідэнта», робяць гэта ўсур'ёз, паколькі сыплюцца заявы заходніх дзяржаў аб фінансаванні, падтрымцы. Ваенная падтрымка ў наяўнасці — перамяшчэнне войскаў НАТА да межаў. Яны ўсё рухаюць да таго, каб зацягнуць сюды нібыта новага прэзідэнта. Ён звяртаецца да заходніх дзяржаў, у дадзеным выпадку НАТА, з мэтай абароны насельніцтва. Яны ўводзяць войскі — і на Беларусі можна паставіць крыж», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што гэтыя дзеянні і адпаведныя заявы заходніх краін — ужо прамое ўмяшанне ў сітуацыю ў Беларусі. «Гаворка ідзе пра фінансаванне, выцягванне нас на перамовы з АБСЕ — зразумела, для чаго яны гэта робяць».

Лукашэнка даручыў міністру абароны і камандуючаму Заходнім аператыўным камандаваннем зрабіць усе намаганні, каб «абараніць перш за ўсё Заходнюю жамчужыну Беларусі з цэнтрам у Гародні». «З прыняццем самых жорсткіх мер па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны», — падкрэсліў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0