У Глыбокім 21 жніўня звольнілася з працы намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама — 28-гадовая Марына Сакалоўская. Дзяўчына распавяла TUT.BY, што падала заяву 10 жніўня, на наступны дзень пасля выбараў.

Марына Сакалоўская

Марына Сакалоўская

Начальства адправіла яе ў адпачынак за свой кошт на 10 дзён — у спадзяванні, што малады спецыяліст «адумаецца». Але Марына «адумацца» не змагла і сышла: «Зрабіла гэта па меркаваннях сумлення. Не змагла б працаваць там, дзе ад мяне чакалі, што я буду падманваць людзей».

У раённай ідэалогіі Марына Сакалоўская адпрацавала 5 месяцаў.

Падчас апошняга дня датэрміновага галасавання, 8 жніўня, Марына знаходзілася дома, але яе ўсё роўна турбавалі з працы па пытаннях выбараў.

«Мне патэлефанавала спецыяліст аддзела і паведаміла: у адной з устаноў культуры, дзе знаходзіцца ўчастак для галасавання, адбываецца «беспарадак». «Там у фае набілася «свядомых», разбярыцеся з гэтым!» — загадалі мне. Я патэлефанавала загадчыку гэтай установы культуры, спытала, як абстаноўка. Мне адказалі: «Усё добра, у нас у фае сядзіць малады чалавек, незалежны назіральнік. Працы камісіі не перашкаджае». Ператэлефанавала сваёй калезе і паведаміла, што на ўчастку ўсё ў парадку, незалежны назіральнік нікому не перашкаджае. На што пачула: «Гаворка не ідзе пра тое, што ён перашкаджае працы камісіі або не. Проста прыбярыце яго адтуль». Я сказала, што нікога ніадкуль «прыбіраць» не буду. «А хто будзе?» — абурылася калега. І размова на гэтым завяршылася. Ведаю, што на многіх участках у Глыбоцкім раёне не вывесілі выніковыя пратаколы і любымі спосабамі стараліся не пусціць незалежных назіральнікаў», — распавядае Марына.

Увечары 8 жніўня ёй паведамілі, што яна павінна быць на працы і 9 жніўня.

«На пытанне: «Што я там буду рабіць?» мне адказалі: «Працаваць!».

Марына кажа, што дзень 9 жніўня запомніць надоўга.

«Раніцай села за камп'ютар, чакала даручэнняў. І яно паступіла — з галоўнага ўпраўлення па ідэалагічнай працы аблвыканкама прыйшоў ліст прыкладна такога зместу: «На ютуб-канале Nexta размешчаны такі фільм. Просьба масіравана яго адпрацаваць: дызлайкі, адмоўныя каментары, скаргі. Справаздачу аб праведзенай працы падаць да такога часу». І ўсе ўзяліся за «працу». Нават не паглядзелі фільм. Я была ў шоку! Тут у мяне пытаюцца, чаму я не «працую» па гэтым «заданні». Я сказала, што адмаўляюся выконваць гэта дурацкае даручэнне. Тады я пачула пра сябе шмат цікавага і новага. Маўляў, ты дзяржслужачая, і пакуль ты тут, павінна гэта рабіць, ты «падстаўляеш» начальніка і ўсіх», — распавядае Марына.

Пасля гэтага калегі ўжо ёй не давяралі.

«Усе далейшыя размовы ў дзень выбараў адбываліся за сцяной, за зачыненымі дзвярыма. Мяне ўжо ні ў што не пасвячалі. На пачатку адзінаццатай мне сказалі: «Дзякуй, Марына Паўлаўна, за працу». І адпусцілі дадому. Іншыя работнікі яшчэ засталіся ў райвыканкаме. — Прапаноўвалі адвезці мяне дадому. Але я адмовілася: я сумленны чалавек, чаго мне баяцца? Выйшла з выканкаму праз парадныя дзверы — і вырашыла: усё, звальняюся. Прыйшла дадому, вельмі хацелася плакаць. Але мяне падтрымаў муж і ўся сям'я», — кажа Марына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?