Указам прэзідэнта № 214 ад 21 красавіка 2009 года ў Беларусі павышаны мытныя пошліны на шырокі пералік імпартных спажывецкіх тавараў.
Згодна з дакументам, тэрмінам на дзевяць месяцаў устаноўлены ўвазныя мытныя пошліны
ў памеры 40% на мяса і харчовыя субпрадукты са свойскай птушкі.На віны вінаградныя натуральныя і дрожджы ўстаноўлена ўвазная мытная пошліна ў памеры 30%. На сметанковае масла і іншыя тлушчы і масла, вырабленыя з малака, малочныя пасты, крухмал, марожанае ўвазныя мытныя пошліны складуць 25%.
Новыя мытныя пошліны ў памеры 30% будуць дзейнічаць на адзенне, што ўвозіцца ў Беларусь,у тым ліку світэры, майкі, паліто, паўпаліто, плашчы, сукенкі, спадніцы, касцюмы, піжамы, халаты, бялізну.
Аналагічная пошліна ўстаноўлена на адзенне, якое было ва ўжыванні.Пошліна 25% устанаўліваецца на калготкі і жаночыя панчохі.
Новыя пошліны таксама ўстаноўлены на мыла (25%) і санітарна‑тэхнічныя вырабы (30%).
У групе тавараў, якія закрануў новы указ прэзідэнта, апынулася бытавая тэхніка.
Пошліна ў памеры 25% устаноўлена на халадзільнікі, маразільнікі і пральныя машыны, 30% — на пыласосы, DVD‑прайгравальнікі, 40% — на печы мікрахвалевыя і тэлевізары. Пры гэтым мінімальная пошліна на тэлевізары складзе ад 50 да 200 еўра.
Новыя пошліны устаноўлены на будматэрыялы. У прыватнасці, на прадукцыю дрэваперапрацоўкі (ДВП, ДСП, фанера і г.д), вырабы з паперы (шпалеры), брусковыя, шматслойныя і рэечныя сталярныя пліты будуць дзейнічаць пошліны ў памеры 25—30%.
Акрамя таго, на шэсць месяцаў устаноўлены ўвазныя пошліны ў памеры 180% на бульбу, цыбулю рэпчатую, капусту белакачанную, моркву і бурак сталовы.
Указ увойдзе у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.





