МУС паведаміў, што ў Менску міліцыянты выявілі аднаго з каардынатараў вулічных акцый. Паводле паведамлення ведамства, 34-гадовы мінчанін займаўся пошукам і фінансаваннем іх новых удзельнікаў.

«Выйсці на яго ўдалося пасля затрымання 37-гадовага жыхара сталіцы, які распавёў аб сустрэчы з названым мужчынам і яго просьбах сабраць масоўку для ўдзелу ў акцыі пратэсту за грошы», — гаворыцца ў паведамленні МУС.

Ведамства піша: «Высветлілася, што за дзень да гэтага «кліент» вярбоўшчыка вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі. Каардынатар падышоў да яго ў адной з цэнтральных харчовых крам горада і прапанаваў сабраць каля 10—12 чалавек для ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве палітычнага характару. Пасля атрымання згоды незнаёмец даў пасярэдніку 60 рублёў, а таксама купіў яму спіртное і прадукты харчавання».

Сустрэчу ўдзельнікаў змовы, запланаваную на 19 жніўня, спынілі аператыўнікі. Цяпер у дачыненні да абодвух мужчын праводзіцца праверка.

Таксама ведамства апублікавала відэа, дзе адзін з затрыманых распавядае, як падчас пратэстаў іншы чалавек прапанаваў яму грошы.

«Замотка такая, каб набіраць людзей і плаціць, — кажа на камеру мужчына, твар якога схаваны, а імя не называецца. — Функцыя ў тым, каб збірацца на плошчы, выкрыкваць лозунгі <…> такіх, мне здаецца, там не адзін дзясятак, гэта дакладна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0