Арганізатары «Чарнобыльскага шляху — 2009» прапаноўваюць правесці яго ў фармаце «жывога ланцуга».Пра гэта 23 красавіка падчас прэс‑канферэнцыі, прысвечанай акцыі, заявіў намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.
Паводле яго слоў, Мінгарвыканкам дазволіў збор удзельнікаў акцыі на пляцоўцы перад будынкам прэзідыума Акадэміі навук з 12 да 13 гадзін 26 красавіка.
Пасля гэтага аргкамітэт акцыі плануе выстраіць ланцужок удзельнікаў «Чарнобыльскага шляху» ад Акадэміі навук да плошчы Якуба Коласа.
«Гэтым ланцужком мы пройдзем па запланаваным намі маршруце: па праспекце Незалежнасці, плошчы Якуба Коласа, вуліцах Веры Харужай, Багдановіча, Кульман, Карастаянавай да Чарнобыльскай капліцы», — заявіў Івашкевіч.
Ён зазначыў, што названы маршрут быў узгоднены з зацікаўленымі нефармальнымі арганізацыямі, у тым ліку маладзёжнымі.
«Мы лічым, што такая форма правядзення акцыі ніякім чынам не можа перашкаджаць, як гэта згадана ў адказе Мінгарвыканкама, пакупнікам Камароўскага рынку.Мы ніякім чынам не перашкаджаем руху грамадзян па тратуарах. Таму ніякага парушэння парадку мы не дапусцім, і заклікаем да таго ж міліцыю. Каб спецслужбы не рабілі ніякіх правакацый, і каб у нас не ўзнікала праблем», — дадаў палітык.
Паводле слоў Івашкевіча, такі фармат правядзення акцыі не супярэчыць заканадаўству Беларусі. «Мы цяпер, падчас прэс‑канферэнцыі, можам выйсці, выстраіцца ў ланцужок і прайсці па вуліцах Мінска — гэта наша канстытуцыйнае права, права на свабоду шэсцяў і сходаў. І ніхто не можа нам забараніць гэта рабіць», — заявіў ён.
«Мы спадзяёмся, што ўлады не будуць перашкаджаць жыхарам сваёй краіны менавіта прадэманстраваць сваё стаўленне да Чарнобыльскай катастрофы», — сказаў Івашкевіч.
***
Нагадаем, у Мінгарвыканкаме заяўнікам акцыі прапанавалі правесці калону дэманстрантаў ад будынка Акадэміі навук міма кінатэатра «Кастрычнік» па вуліцах Хмяльніцкага, Куйбышава, Сурганава на плошчу Бангалор да Чарнобыльскай капліцы. Пры гэтым міліцыя абавязваецца забяспечыць бесперашкоднае рух удзельнікаў акцыі па пераходах, абмежаваўшы рух транспарту.





