У гутарцы з «Нашай Нівай» сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка распавёў, якімі будуць іх наступныя крокі.

Павел Латушка. Фота kupalauski.by, Facebook

Павел Латушка. Фота kupalauski.by, Facebook

— Прэзідыум Рады ўзгадніў стратэгію далейшых дзеянняў. Якія вашы галоўныя патрабаванні?

— Дзеля прадухілення паглыблення палітычнага крызісу мы, па-першае, патрабуем, каб Вярхоўны суд неадкладна прызнаў фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах — адпаведныя скаргі кандыдатамі ў прэзідэнты ўжо накіраваныя. Пасля гэтага Палата прадстаўнікоў будзе абавязана прыняць рашэнне аб правядзенні паўторных выбараў.

Па-другое, Следчы камітэт павінен узбудзіць крымінальныя справы па фактах гвалту ў адносінах да дэманстрантаў і ўвогуле беларускіх грамадзян з боку праваахоўных органаў. Па нашых звестках, у камітэт прадстаўлена каля сямісот матэрыялаў дазнання органамі міліцыі, але замест дзесяці дзён на ўзбуджэнне крымінальных спраў адведзена да трыццаці дзён, чым зацягваецца прававая ацэнка дзеянняў праваахоўных органаў.

Па-трэцяе, мы зацікаўлены ў дыялогу з прадстаўнікамі ўлады, каб знайсці выхад з крызісу.

— Якім чынам вы разлічваеце прымусіць уладу пайсці на дыялог?

— Калі мы зноў пачуем ад яе аб немэтазгоднасці і нежаданні ўступаць у дыялог з большай часткай грамадства, прапануем пэўныя захады самім беларусам.

Па-першае, распачаць працэдуру адклікання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — кожны грамадзянін мае права даць ацэнку дзеянням свайго дэпутата і ініцыяваць яго адкліканне, калі той не выконвае належныя функцыі. Тыя, хто не выказвае прынцыповую пазіцыю па фактах парушэння заканадаўства і правоў чалавека, павінны адказваць перад выбарцамі сваім мандатам.

Тое ж самае мы прапануем ажыццявіць у дачыненні да дэпутатаў мясцовых саветаў.

Нарэшце, мы ініцыюем падрыхтоўку да агульнарэспубліканскага рэферэндуму аб вяртанні Канстытуцыі ў рэдакцыі 1994 года, якая абмяжоўвае паўнамоцтвы прэзідэнта двума тэрмінамі.

Усе гэтыя крокі — збор подпісаў, рэгістрацыя ініцыятыўных груп, адкліканне дэпутатаў, правядзенне рэферэндуму — з’яўляюцца абсалютна законнымі, людзей, задзейнічаных у гэтых працэсах, ніхто не мае права прыцягваць да адказнасці.

Заўтра мы дамо прэс-канферэнцыю і звернемся да грамадзян з просьбай, каб кожны на сваім выбарчым участку фарміраваў ініцыятыўныя групы і распачынаў адпаведныя працэдуры. Сябрам Рады будзе рэкамендавана ажыццяўляць тое самае і аказваць максімальнае садзейнічанне іншым. Мы таксама будзем аказваць прававую дапамогу ініцыятывам па адкліканні дэпутатаў і прызначэнні новых выбараў па акругах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?