Выступаючы 23 красавіка з пасланнем народу і парламенту, Лукашэнка імкнуўся давесці, што застаецца моцным лідэрам і цалкам кантралюе як унутраную сітуацыю, так і замежнапалітычны курс. Таксама ён развеяў надзеі на палітычную лібералізацыю і дэ-факта пацвердзіў, што будзе балансаваць між Масквой і Еўропай.

Увогуле спічрайтэры спрацавалі ў старым духу. Калі Лукашэнка з трыбуны ў Авальнай зале агучваў напісанае, то казённая лексіка нагадвала стыль прамоў на колішніх пленумах ЦК кампартыі. Але, як звычайна, ставала эмацыйных экспромтаў, і яны найболей цікавыя для аналізу.

Дарэчы, не абышлося без агалошвання вайсковых таямніц. Нечакана высветлілася, што комплексы “Іскандэр” мы можам рабіць самі, а ракеты, калі што, купім.

Але гэта так, дэталі. Увогуле ж аналітыкі чакалі паслання з нецярплівасцю. Цягам шэрагу гадоў Беларусь была на грэбені расійскіх прэферэнцый, стрыгла купоны з унікальнай кан’юнктуры на замежных рынках, кайфавала ў сытым застоі — таму і прамовы з высокіх трыбун гучалі бравурна, пераможна. Але за апошні год шмат што змянілася ў краіне і вакол яе: былі выпушчаны палітвязні, пачалося замірэнне з Захадам, а галоўнае — грымнуў крызіс.

Каментатары загаманілі пра змушаныя рэформы, магчымасці паўзучай трансфармацыі сістэмы, эрозіі аўтарытарнай мадэлі пад уплывам крызісу ды еўрапейскага трэнду. Устрывожылася Масква.

Нарэшце, пайшлі размовы, што правадыр ужо не той, а новыя тэндэнцыі ў палітыцы спакваля фармуе маладзейшая каманда ў ягоным атачэнні.

Калі падтэкст прагучалага 23 красавіка паслання сфармуляваць адной фразай, то гэта месідж шматлікім непрыяцелям: не дачакаецеся!

“Пакуль я прэзідэнт, мы будзем рухацца менавіта так…”, — падкрэсліваў Лукашэнка з трыбуны Авальнай залы. Наменклатура павінна была ўсекчы: правадыр па-ранейшаму моцны і цалкам кантралюе сітуацыю. Ён абверг пагалоску, што хвост круціць сабакам, то бок — нібыта нейкая каманда ў атачэнні прэзідэнта падштурхоўвае да адыходу ад Расіі, кропкавай лібералізацыі ды збліжэння з ЕС.

“Родныя мае, супакойцеся! Я яшчэ здольны прымаць рашэнні ў гэтай краіне. Я яшчэ не адзін год магу гэта рабіць... Прэзідэнт цалкам у нармальных кандыцыях”, — запэўніў выступоўца.

Тут, як падаецца, спляліся два матывы: палітычная рэўнасць (кіньце і думаць, што нехта яшчэ можа вызначаць палітыку ў гэтай краіне!) ды прагматычнае імкненне засцерагчы “вертыкаль” ад думак пра паўзучыя змовы.

Адной з задач паслання была ідэалагічная: любым коштам падкрэсліць правільнасць беларускай мадэлі і генеральнай лініі. Таму атрымалася прыблізна такая трактоўка: зараз увесь свет, у тым ліку і гнілы Захад, які і спарадзіў той крызіс, выкараскваецца з яго, кіруючыся дэ-факта прынцыпамі, празорліва выкладзенымі некалі яшчэ ў трох гістарычных дырэктывах беларускага прэзідэнта.

(Калі хто не памятае: у іх вялося пра дысцыпліну, дэбюракратызацыю, эканомію ды ашчаднасць. Людзям сталага веку гэтыя фармулёўкі знаёмыя яшчэ з пастаноў ЦК КПСС.)

Паколькі адмаўляць крызіс ужо немагчыма, вынайдзена наступная формула: Беларусь, маўляў, апошняй увайшла ў крызіс і мусіць першай выйсці.

Увогуле ж ніякіх свежых думак наконт шляхоў выхаду не прагучала. Стаўка — на дысцыпліну, на “жесточайший спрос”. Калі і згадвалася пра неабходнасць замежных інвестыцый, то зазначалася, што іх варта прыцягваць пад гарантыі “ад імя прэзідэнта”. Пра сістэмны апгрэйд эканомікі, рамкавых умоў гаспадарання гаворкі практычна не было.

“Пра эканамічную лібэралізацыю згадвалася між іншым і не ў першую чаргу, — адзначае палітолаг Валер Карбалевіч. — Уражанне такое, што кіраўніцтва краіны разлічвае вырашаць вострыя фінансава-эканамічныя праблемы пераважна пры дапамозе старога інструментарыя, у межах ранейшай мадэлі”.

Эксперт звяртае увагу і на яшчэ адзін месідж, паўтораны некалькі разоў. Сэнс такі: палітычнай лібералізацыі не чакайце! Яе ў нас і так “аж занадта”. Маўляў, “некаторыя шарлатаны і адмарозкі” зразумелі новыя павевы “як уседазволенасць” (хадзі ды перакульвай машыны!), СМІ хочуць разгулу жаўцізны, але ім нічога не абламаецца.

Пры гэтым Лукашэнка стрымана пахваліў ініцыятыву “Усходняга партнёрства”. Прызнаў: новыя тэхналогіі, інвестыцыі, інтэлектуальны патэнцыял Захаду неабходныя Беларусі дзеля эканамічнай мадэрнізацыі. Але тут жа падкрэсліў, што не наважаны “прыгінацца ды прыніжацца” і разлічвае на прагматычную супрацу.

Гэта вядомая формула афіцыйнага Мінска. Калі без дыпламатыі, то сэнс яе такі:

хочаце, панове заходнікі, нашай лаяльнасці, стабільнага транзіту і г.д. — дык засуньце падалей свае замарочкі наконт дэмакратыі, правоў чалавека ды грамадзянскіх свабод! Між іншым і АБСЕ Лукашэнка параіў пазбавіцца ад “праваабарончага перакосу”.

Пр гэтым выступоўца адкрытым тэкстам папярэдзіў заходнікаў, што змяніць рэжым ціхай сапай пад маркай “Усходняга партнёрства” і ўвогуле збліжэння з Захадам (праз тое, каб “патрабаваць ад Лукашэнкі зьмяніць законы, зламаць выбарчую сыстэму, разбурыць СМІ, аддаць іх апазыцыі…”) — не атрымаецца.

“Памятаеце, як тут па мардасах надавалі каляровым рэвалюцыям?”, — рытарычна запытаўся Лукашэнка ў прысутных дыпламатаў. Вось тое ж самае, маўляў, будзе і з новымі планамі паўзучай змены існага ладу.

Афіцыйны лідэр прапанаваў сваю трактоўку правоў чалавека ды іх абароны: трэба даваць дыхту чыноўнікам, каб меней мардавалі простых людзей. Натуральна, такі дэпалітызаваны погляд на пытанне, які не пакідае месца для грамадзянскай актыўнасці (па сутнасці, апгрэйд схемы “добры цар — кепскія паны”), болей камфортны для кіраўніцтва краіны, чым той, што накідае Захад.

Ужыўшы вядомую дэкаратыўную арыфметыку (каля 2 200 грамадскіх аб'яднанняў, 15 партый — хіба гэтага мала?), Лукашэнка звёў беды апазіцыі да таго, што яна страшэнна далёкая ад народу.

Пры гэтым, бадай, упершыню прагучаў персанальны камплімент на адрас апазіцыйнага экс-кандыдата на прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча. За тое, што не ставіць палкі ў колы курсу на збліжэнне Беларусі з Еўропай.

Увогуле можна прадбачыць, што

ўлада напоўніцу скарыстае цяперашні раздрай у апазіцыі з нагоды новай сітуацыі ў дачыненнях Мінска з Еўропай. Болей радыкальную частку канчаткова загоняць у андэграунд, з ліку “мякчэйшых” будуць падшукваць кадры для запуску ў нейкай перспектыве элементаў “кіраванай дэмакратыі” а-ля Расія.

Між тым Лукашэнка выказаў крыўду і на прадстаўнікоў расійскай эліты, якія, маўляў, няправільна зразумелі еўрапейскі трэнд Беларусі. І нават сталі сумнявацца, ці трэба даваць такому ненадзейнаму хаўрусніку “Іскандэры”. Яшчэ раз прагучала, што беларусы і рускія — адзін народ.

Карацей, адбыўся, ужываючы метафару палітолага Юрыя Дракахруста, сеанс пагладжвання расійскага мядзведзя.

Фактычна беларускі афіцыйны кіраўнік пацвердзіў высновы палітолагаў, што ён будзе балансаваць між Масквой і Еўропай, выціскаць з “Усходняга партнёрства” практычныя выгады, па магчымасці адкідаючы каштоўнасныя пытанні, пра якія хоць і рэдукавана, але працягвае нагадваць ЕС.

Галоўнае ж — Лукашэнка наважаны да апошняга выкарыстоўваць звыклы інструментарый, рэсурс створанай ім аўтарытарнай мадэлі. Як у эканоміцы, так і ў палітыцы, і ў грамадскім жыцці.

Пытанне ў тым, наколькі вялікі гэты рэсурс. І што можа быць у выпадку, калі крызісныя наступствы акажуцца болей разбуральнымі, чым бачыцца канструктару сістэмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?