Моладзь, якая загружае пірацкую музыку з сеціва, купляе ўдзесяцёра больш легальных запісаў, чым тыя, хто не выкарыстоўвае файлаабменнікі, цвердзіць нарвежскі інстытут менеджменту.

Высновы ўгрунтаваныя на вывучэнні звычак больш як 1900 карыстальнікаў.

Зрэшты, прадстаўнік вядомай гуказапісвальнай кампаніі EMI даводзіць сваю рацыю: «Спажыванне музыкі павялічваецца, а тым часам даходы зніжаюцца. Гэта можна патлумачыць толькі тым, што нелегальных загрузак стала болей, чым легальных пакупак».

Нарвежскія даследчыкі не першыя адцемілі пакупніцкую актыўнасць «піратаў». У 2006 годзе канадская асацыяцыя гуказапісвальных кампаній апублікавала звесткі, паводле якіх 73% карыстальнікаў куплялі легальную музыку пасля таго, як паслухалі бясплатную версію з інтэрнета, піша «Вебпланета».

Шум вакол практыкі вольнага файлаабмену падняўся пасля таго, як стваральнікі знанага файлаабменніка The Pirate Bay былі прысуджаныя да года зняволення й штрафаў, агулам большых за тры з паловай мільёны даляраў.

Міжнародная федэрацыя гуказапісвальных кампаній абвінаваціла стваральнікаў сайту ў «садзейнічанні трэцім асобам (то бо інтэрнаўтам) у парушэнні закону пра аўтарскае права».

Тым часам заснавальнікі The Pirate Bay цвердзілі, што яны адно зрабілі тэхналогію, з дапамогай якой людзі могуць абменьвацца файламі. А ўжо ці парушае іхні абмен чыесьці аўтарскія правы — справа кожнага карыстальніка.

Рашэнне пра зняволенне праграмістаў будзе абскарджвацца, а пакуль высвятляюцца цікавыя падрабязнасці. Прыкладам, суддзя, які сваім строгім прысудам аславіўся на ўвесь свет, аказаўся членам арганізацыі па абароне аўтарскіх правоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?