Акцёры тэатра імя Горкага падтрымалі Купалаўскі: Прыцягнуць да адказнасці сілавікоў і асоб, якія аддавалі ім загады
Акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Максіма Горкага падтрымалі сваіх калег з Купалаўскага тэатра і апублікавалі свой адкрыты ліст, піша Tut.by.
Мы, члены калектыву Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, як і ўвесь беларускі народ, выказваем глыбокую заклапочанасць сітуацыяй, якая склалася ў краіне.
Заклікаем неадкладна спыніць беспрэцэдэнтныя акты гвалту і прыніжэння чалавечай годнасці з боку супрацоўнікаў сілавых структур у дачыненні да мірных грамадзян. Настойваем на неадкладным прыцягненні да адказнасці асоб, якія непасрэдна прымалі ўдзел у неправамоцных затрыманнях, катаваннях, збіваннях, а таксама асоб, якія непасрэдна кіравалі іх дзеяннямі і якія аддавалі злачынныя загады. Настойваем на неадкладным разглядзе ўсіх заяў і скаргаў, пададзеных у органы правапарадку. Лічым недапушчальным аказваць ціск на людзей, якія адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю або прымаюць удзел у мірных акцыях пратэсту.
Настойваем на аб'ектыўным асвятленні ў сродках масавай інфармацыі падзей, якія адбываюцца ў краіне. Лічым недапушчальным скажэнне праўды, перакручванне і тэндэнцыйную падачу тэкстаў.
Выказваем салідарнасць з нашымі калегамі —калектывам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Разбурэнне найстарэйшага творчага калектыву, які з'яўляецца флагманам беларускай тэатральнай культуры і сапраўдным нацыянальным здабыткам, лічым недапушчальным.
Каментары