Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Віктар Марціновіч для budzma.by пра тое, чаму выклік Святланы Алексіевіч у Следчы камітэт — вялікая памылка.

Да апошняга спадзяваўся, што выклік адменяць. Што спадарыня Святлана з’явіцца перад чытачамі і журналістамі на перакрытай з двух бакоў вуліцы Фрунзэ і скажа, што ёй у апошні момант патэлефанавалі, выбачыліся і параілі пашанавацца і нікуды не ісці.

Але не. 

Яна прайшла за агароджу і знаходзілася там 15 хвілін.

З аднаго боку, гэта яўная дэманстрацыя не толькі беларускім пратэстоўцам, але і ўсёй планеце Зямля, якая пільна сочыць за нашым сюжэтам, што межаў няма. 

Калі нехта сумняваўся, ці абароніць самая прэстыжная прэмія свету, прэмія, якая ператварае атрымальніка ў жывога прарока, здольнага катэгарызаваць геройства і злачынства па ўласным меркаванні (і тое меркаванне будзе для свету больш важкім за меркаванне любога міністра ці суддзі) — дык не, прэмія не абараніла.

Цяпер трэба зыходзіць з таго, што выклікаць туды могуць літаральна любога, нават Папу Рымскага, калі той заедзе на нашу тэрыторыю.

З нобелеўскімі лаўрэатамі цікавая справа. 

Асабліва ў галіне літаратуры. 

Шмат хто з іх, напрыклад Архан Памук ці Герта Мюлер, уціскаліся ў сваіх дзяржавах да атрымання Нобелеўкі. Але выпадкаў рэпрэсій пасля — адзінкі. 

Мне ў галаву прыходзіць хіба што здарэнне з Іванам Буніным у горадзе Ліндау на мяжы Нямеччыны і Швейцарыі ў 1936-м годзе (Нобеля Бунін атрымаў у 1933-м). Пад выглядам «мытнага дагляду» ў цягніку пісьменніка раздзелі і прынізілі, шукаючы «брыльянты» і «паперы». 

Адно што зрабілі гэта… нацысцкія афіцэры.

З другога боку, гэта ўцямны адказ на пытанне пра тое, ці магчымы дыялог па мірным транзіце ўлады пасля таго, як краіна не прыняла міф пра «80 адсоткаў».

І калі за сам факт сяброўства ў Радзе, створанай адно для мірнага абмеркавання, на допыт выклікаюць нават Алексіевіч, гэта дэманструе: дыялог немагчымы.

Прычым калі да гэтага ад дыялогу адмаўляўся дзяржаўны бок, дык цяпер, калі сяброў Рады выціскаюць з краіны, калі распачалі крымінальную справу, калі выклікаюць па спісе ўсіх чальцоў прэзідыума, стратэгія перамоваў павінная быць замарожаная пратэстоўцамі. Да прыпынення рэпрэсій.

Бо хіба этычна весці дыялог, перад якім на перамоўшчыкаў адкрыта ціснуць?

Тым больш пасля эпізоду з аўтаматам. Калі ў Палацы бачаць сто тысяч мірных пратэстоўцаў, яны не проста бяруцца за «калашнікаў», яны яшчэ і распаўсюджваюць гэты запіс праз свае ТГ-каналы як прыкмету «ненагінальнасці» і «круцізны». «Дыялог» Палац здольны весці хіба што з прызначанымі ў Палату дэпутатамі. 

То-бок сам з сабой. 

Сам сабе высоўваць умовы, сам крытыкаваць гэтыя ўмовы, сам з сабой спрачацца, а пасля — перадаваць уладу ад левага паўшар’я праваму.

Калі да 14:00 26.08 у афіцыйнага Мінска яшчэ быў шанец расправіцца з Радай «цішком», не прыцягваючы велізарнай ўвагі міжнароднай супольнасці, дык пасля кадраў з Алексіевіч, што ідзе да будынка, падыходы да якога перагароджаныя, гэтая справа пераносіцца ў цэнтр глабальнага інфармацыйнага парадку дня. 

І трэба разумець, што пра «нашпігаваны зброяй джып», які нібыта «прарываўся» ў РБ праз украінскую мяжу ў 2017 годзе, можна было легкаверным гледачам БТ распавядаць што заўгодна, і ніхто, акрамя карыстальнікаў Facebook і Twitter, асабліва не смяяўся. Бо ў нас тут усе прывыкшыя.

А вось любая бздура, якая прамовіцца па сутнасці справы, у якой нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч праходзіць сведкай, будзе правярацца ўжо не тутэйшымі людзьмі. Якія не паспелі забыць, што такое Закон і Правы.

Ці хацелі «людзі з-за дроту» такой увагі?

Ну і, нарэшце, яшчэ адно пацверджанне таму, што калі ты націскаеш на вядомага і разумнага чалавека, ты не прыбіраеш сваю праблему, а памнажаеш яе: выказванні спадарыні Святланы на падыходзе да будынка былі нашмат больш значнымі, чым уся казёншчына пра «артыкул 361 КК РБ».

Словы Алексіевіч, вымаўленыя ў такі адказны момант, перад допытам, набылі надзвычайную вагу і пайшлі гуляць па інфармацыйных каналах, умацоўваючы адчуванне рацыі чальцоў Рады. І вынікае, што цяпер, пасля падлучэння ўсёй моцы рэпутацыі Алексіевіч, з гэтай Радай нічога не зробіш.

Адна гісторыя пра ўдзельнікаў «чырвона-зялёнага» мітынгу, якія скандуюць «За бацьку», а іхныя дзеці, што не навучыліся яшчэ брахаць, падхопліваюць скандаванне воклічамі «Сыходзь!», абыдзецца сістэме дорага. 

Па сутнасці, яны ўласнаручна выцягнулі самую пазнавальную жанчыну Беларусі на вуліцу і зрабілі яе ўдзельніцай пратэстаў, з якімі яна дагэтуль атаясамлівалася толькі як сімвалічны лідар. 

І праблема ў тым, што выступоўцаў, роўных Алексіевіч, на «баку з-за дроту» проста не засталося. 

«Усё, што мы рабілі, абсалютна законна і вельмі патрэбна»: Алексіевіч прыйшла на допыт у СК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?