Стывен Стэмкос атакуе браму Віталя Коваля.

Стывен Стэмкос атакуе браму Віталя Коваля.

Старт зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету заваліла. Строгія экзаменатары з радзімы гульні — Канады — разграмілі нашу каманду.

Перад пачаткам сустрэчы ў швейцарскім Клатэне беларусы аказаліся не ў самым выгадным кадравым становішчы. Траўмаваны дасведчаны абаронца Аляксандр Макрыцкі, толькі за дзве гадзіны да гульні з Масквы прыляцеў Аляксей Калюжны, у якога захварэла дзіця, стала вядома, што не прыедуць на дапамогу зборнай браты Касціцыны.

Яшчэ адным інтрыгуючым момантам было тое, каго паставіць Глен Хэнлан на браму: Мезіна ці Коваля? Трэнер аддаў перавагу другому. Некалі бясспрэчны лідэр каманды Мезін апынуўся на лаўцы запасных.

Не прайшло і ста секунд матчу, як 19‑гадовы канадскі вундэркінд Стывен Стэмкос адкрыў лік. Потым ён жа выкарыстаў колькасную перавагу і лік падвоіў.
Увогуле, першы перыяд прайшоў пры адназначнай перавазе паўночнаамерыканцаў.

Толькі ў самым канцы перыяду беларусы нарэшце змаглі закінуць шайбу. Пасля добрай перадачы Міхаіл Грабоўскі закінуў шайбу ў пустыя вароты. Зрэшты, не доўга доўжылася шчасце. Фінскі рэферы паехаў глядзець відэапрагляд моманту, які паказаў, што за імгненне да кідка былі ссунутыя канадскія вароты. Шайба не залічаная.

Злыя гэтым беларусы з падвойнай энергія выйшлі пасля перапынку. І другі перыяд застаўся за ім.

Яны добра камбінавалі, кідалі па варотах. Аднак на самым завяршэнні атак не хапала нечага, ці то сілы кідка, ці то трапнасці, ці цуды ў рамцы рабіў 39‑гадовы Дуэйн Роласан. Нашым не атрымалася нават скарыстаць колькасную перавагу пяць на тры.

Ну а ў трэцім перыядзе ўжо пайшоў сапраўдны адкрыты хакей. У ім нашмат больш удачлівымі аказаліся канадцы. Аж чатыры разы яны запальвалі чырвонае святло за спінай Віталя Коваля. Двойчы адзначыўся Дэні Хітлі.

Нашых хапіла толькі на тое, каб распячатаць Роласана.

Узяцце варот арганізавалі легіянеры з НХЛ. Руслан Салей стрэліў, а Міхаіл Грабоўскі дабіў шайбу, зрабіўшы лік 1:5. Потым канадцы яшчэ раз засмуцілі беларусаў, на тым і разышліся — 1:6.

У другім матчы Расія разграміла Германію — 5:0. Вечарам у нашай групе сустрэнуцца Славакія і Венгрыя. Наступны свой матч на першынстве каманда Глена Хэнлана сыграе 26 красавіка са славакамі. Пачатак гульні а 17:15.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?