Суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна 25 красавіка вынес прыгавор тром урачам Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бальніцы за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў, якое пацягнула смерць малалетняга пацыента.

Як паведаміў БелаПАН памочнік пракурора горада Баранавічы Віталь Сергіенка, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне па гэтай справе, суд прызнаў анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў вінаватымі ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 162 УК (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам).

Падчас судовага пасяджэння ўстаноўлена, што 4 студзеня 2008 года хлопчыка, які паступіў у гэты дзень у 00.45 у бальніцу з вострым ларынгатрахеітам, вострым бранхітам і дыхальнай недастатковасцю другой ступені,

падключылі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. З-за няправільнага лячэння ў гэты жа дзень у 22.55 дзіця памерла ў выніку разрыву (баратраўмы) лёгкіх. Яму было год і чатыры месяцы.

Суд прыгаварыў кожнага з урачоў да трох гадоў пазбаўлення волі з умоўным непрымяненнем пакарання тэрмінам на два гады.

41-гадовага абвінавачванага — з пазбаўленнем права займацца медыцынскай дзейнасцю тэрмінам на тры гады, 39-гадовага — тэрмінам на тры гады, 25-гадовую — без пазбаўлення права займацца медыцынскай дзейнасцю.

Прысуд яшчэ не ўвайшоў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Ларыса Шыганава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0