Затрыманыя сямёра актывістаў, якія меркавалі зладзіць грамадзкія акцыі, але нават не пасьпелі іх распачаць.

Моладзь з Руху «За Свабоду» і стваранай партыі БХД меркавала зладзіць невялікае шэсьце ад Плошчы Свабоды па вуліцы Леніна. Аднак на месцы збору іх ужо чакалі міліцыянты на чале з начальнікам адмысловага аддзелу па ахове грамадзкай бясьпекі Кастрычніцкага РАУС Аляксандрам Каліноўскім. Супрацоўнікі міліцыі праверылі ў прысутных дакумэнты і загадалі паказаць асабістыя рэчы.У сумках актывістаў яны ўбачылі майкі з антыядэрнай сымболікай – іх маладыя людзі меркавалі надзець перш чым ісьці па горадзе.

Аляксея Пялевіча, Алеся Галаваня, Кастуся Іванова, Ірыну Пятову і Валерыя Раманенку міліцыянты затрымалі і завезьлі ў Першамайскі райаддзел міліцыі. Актывістам патлумачылі, што хочуць праверыць, ці ня маюць яны дачыненьня да шэрагу злачынстваў, зьдзейсьненых у горадзе апошнім часам.

У апорны пункт міліцыі Кастрычніцкага раёну міліцыянты забралі яшчэ двух апазыцыйных актывістаў – сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку і беспартыйнага Валерыя Місьнікава. Іх таксама палічылі «падазронымі асобамі» – менавіта так сказалі супрацоўнікі міліцыі падчас затрыманьня. Сяргей Каваленка меўся прайсьці па вуліцы Леніна зь бел‑чырвона‑белым сьцягам і меў у руках дзьве даўгія драўляныя рэйкі, каб яго прымацаваць. Аднак сьцяга з кішэні ён не пасьпеў нават дастаць.

Тым часам па горадзе іншыя актывісты раздавалі ўлёткі і брашуры Эдуарда Брокарава «Міталёгія мірнага атаму». Усе яны адзначаюць, што ўздоўж цэтральнай вуліцы Леніна літаральна праз кожная 20 крокаў сустракаюцца мужчыны ў цывільным – у амаль аднолькавых шапачках‑бэйсболках і з рацыямі‑навушнікамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?