Пра гэта напісаў у сваім фэйсбуку доктар Андрэй Bітушка.

«Сёння ў Жыткавічах будуць судзіць маю калегу — выдатнага педыятра, цудоўную маці, сапраўдную інтэлігентку, нястомнага змагара са злом — спадарыню Ірыну Цішкоўскую. За «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве», — напісаў ён.

«Яна мае стаць шостай асобай у Жыткавічах (дзе жыве 16 тысяч чалавек), асуджанай з гэтай нагоды.

Доктар Цішкоўская — адна з самых дасведчаных педыятраў у горадзе і раёне. Калі мае першыя пацыенты цяпер толькі сканчваюць школу і ствараюць сем'і, то да яе першыя пацыенты пачынаюць прыводзіць сваіх унукаў.

Ведаеце, гэта неверагоднае адчуванне, якое я перажыў, прыехаўшы аднойчы ў Жыткавічы, калі ты ідзеш па горадзе з калегай, а з ёй вітаецца кожны першы чалавек. Такія асобы, як спадарыня Ірына, заклалі падмурак нашага сённяшняга абуджэння. Бо ніколі не мірыліся са злом і заўжды трымаліся праўды. Заўжды трымаліся чалавечнасці.

Сваё перабыванне на Акрэсціна я называю «вандроўкай у свет жывёл». Не таму, што я хачу абразіць тых, хто мне яе зладзіў, а таму што гэта месца ў той час сталася полюсам антычалавечнасці, месцам, дзе імкнуліся мяне прымусіць забыцца на тое, што я лекар, кандыдат навук, што я чалавек, пераўтварыць мяне ў жывёлу, якая толькі і робіць, што баіцца за сваё жыццё і здароўе. Акрэсціна тады — гэта канцэнтрат зла, але ў штодзённым жыцці яно прысутнічае, як правіла, у больш разбаўленых формах.

І часам абарочваецца фармальна ў быццам бы прававыя вобразы, як учорашнія затрыманні студэнтаў за «несанкцыянаванае шэсце» або сённяшні суд над калегай за тое ж самае.

Але найчасцей зло і хлусня хаваецца за такімі звыклымі для нас формуламі: «Вы же сами всё понимаете» або «Мы же всегда так делали». І за нашым страхам, нашым кампрамісам з сумленнем і абыякавасцю.

Змаганне з гэтым злом у штодзённасці кожнага — вельмі складаная задача, прыклад паспяховага вырашэння якой дае нам участковы педыятр Жыткавіцкай раённай паліклінікі доктар Ірына Цішкоўская. Я вельмі спадзяюся, што пасля ўсяго, што мы перажылі, перажываем і перажывем, мы выпрацуем трывалы імунітэт да зла, хлусні і абыякавасці ў нашай штодзённасці. А таксама станем дарослай нацыяй на сваёй зямлі. Але пакуль «это не точно».

Суд над доктарам Цішкоўскай адбыўся 2 верасня.

Спадарыне Ірыне далі 5 базавых (135 рублёў)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0