У Літве поўным ходам ідзе агітацыйная кампанія перад прэзідэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца 17 траўня.

На пасаду прэзідэнта прэтэндуюць сем кандыдатаў – экс-міністр сельскай гаспадаркі Казіміра Прунскене, еўракамісар па фінансах Даля Грыбаўскайтэ, брыгадны генерал Чэславас Язерскас, лідэр Партыі сацыял-дэмакратаў Альгірдас Буткявічус, лідэр партыі «Парадак і справядлівасць» Валянцінас Мазуроніс, кандыдат Выбарнай акцыі палякаў Літвы Вальдэмар Тамашэўскі і віцэ-старшыня Партыі працы Ларэта Граўжынене.

І хоць сярод кандыдатаў ужо выдзяліўся найверагоднейшы пераможца – Даля Грыбаўскайтэ - астатнія не пакідаюць змагання за першынства.

Паводле сацыялагічных апытанняў Baltijos tyrimai, у канцы сакавіка размеркаванне рэйтынгаў было наступным.

50% удзельнікаў прагаласавалі б за Д. Грыбаўскайтэ, яшчэ 30% сказалі, што, напэўна, аддадуць голас за яе.
Не маюць намер галасаваць за Грыбаўскайтэ 14% рэспандэнтаў. 6% апытаных плануюць прагаласаваць за Альгірдаса Буткявічуса. Такі ж працэнт аддае перавагу Казіміры Прунскене, а 15% разглядаюць такую магчымасць. Паказчыкі В. Мазуроніса і Л. Граўжынене пакуль аднолькавыя – па 5% галасоў выбарцаў і яшчэ па 12% патэнцыйных прыхільнікаў. У аўтсайдэрах апынуліся В. Тамашэўскі і Ч. Язерскас: па 5% і 2% галасоў адпаведна.
Палітыкі, якія прэтэндуюць на пасаду прэзідэнта, адзначылі, што не супрацоўнічалі з замежнымі спецслужбамі і паведамілі пра сваім фінансавым становішчы.
На сайце Галоўнага выбарчага камітэта кандыдаты размясцілі дадзеныя аб задэклараванай маёмасці. Аказалася, што самая папулярная кандыдатка валодае найбольшым багаццем (задэкларавана 1,6 млн. літаў – больш за 470 000 еўра). Д. Грыбаўскайтэ раней паведамляла, што яе штомесячныя прыбыткі на пасадзе еўракамісара ўтрая перабольшваюць заробак прэзідэнта Літвы. На перадвыбарную кампанію яна сабрала 80 000 літаў (больш за 23 500 еўра).

Кандыдатка Ларэта Граўжынене з самай сціплай маёмасцю на 194 000 літаў (каля 57 000 еўра) арганізоўвае, тым не менш, самую дарагую выбарчую кампанію, кошт якой складае 234 000 літаў (каля 70 000 еўра).

Даля Грыбаўскайтэ не перастае здзіўляць выбарцаў і сваіх канкурэнтаў своеасаблівымі і крытычнымі заявамі ў лаканічнай, ёмістай форме адносна розных спектраў літоўскай палітыкі.
Пазітыўна ацэньваючы рэформы ўраду кансерватараў па павышэнні падаткаў, яна адзначыла, што тэхнічна рэфармаванне правялі занадта хутка і жорстка, паколькі кожнае ведамства карэктавала падаткі асобна. «Калі ўсё склалася ў адно, агульная сума павялічылася ў тры разы. Для некаторых падаткі павысіліся на 30, 50 %» – патлумачыла асноўная кандыдатка на пасаду прэзідэнта.

Аднак еўракамісар не ўскладае адказнасць за інфляцыю і складае эканамічнае становішча на цяперашняе кіраўніцтва, паколькі праблемы ў краіне абумоўленыя сусветным крызісам і «палітыкай заахвочання інфляцыі» папярэдняга ўраду.

Раскрытывала Д. Грыбаўскайтэ і сучасную замежную палітыку Літвы: «Гэта палітыка няўпэўненай у сабе краіны. Гэта па большай частцы была дэманстрацыя моцы, якой у нас няма, якой нам не давалі. Мы можам уяўляць сябе лідэрамі, але трэба, каб і іншыя нас такімі бачылі».

Яна нагадала пра канфлікт пры ўзнаўленні перамоваў між Еўразвязам і Расіяй. Літва супраціўлялася, патрабуючы ўнясення ў дэкларацыю пэўных прапаноў. Але замест таго, каб абараняць суседзяў і патрабаваць пастаўкі сыравіны па нафтаправодзе «Дружба», Літва ўстала на бок такіх краін, як Малдова. «Вельмі добра, я – не супраць, дапаможам, але чаму мы не абараняем тое, што ёсць зараз?» – пыталася кандыдатка.

Даля Грыбаўскайтэ дала адказ на пытанне, ці можна афіцыйна прапісваць прозвішчы літоўскіх палякаў так, як жадаюць уладальнікі. Паводле яе словаў, у іншых краінах нацыянальныя меншасці ацэньваюцца больш дэмакратычна: «Іх не баяцца. Чаму мы баімся меншасцяў? Яны што, папсуюць нашу арыйскую кроў?»

У той жа час паспрачацца з Даляй Грыбаўскайтэ выказваюць жаданне астатнія кандыдаты. Казіміра Прунскене, прадстаўніца старэйшага пакалення літоўскай палітычнай эліты, актыўна патрабавала сустрэчы сам-насам з перадвыбарнай фаварыткай. Шляхам выцягвання жэрабя выявілі, што ёй прадставіцца такая магчымасць, і 4 траўня ў эфіры Літоўскага радыё абедзьве кандыдаткі наладзяць публічныя дэбаты.

Яшчэ да таго, як Даля Грыбаўскайтэ абвесціла аб сваім намеры балатавацца, жыхары Літвы прыслухоўваліся да чутак аб нестандартнай сэксуальнай арыентацыі незамужняй Грыбаўскайтэ. Калі падчас прэс-канферэнцыі журналіст абходнымі шляхамі намагаўся задаць ёй пытанне на гэту тэму, палітык без ценю збянтэжанасці адказала:

«Калі вы хочаце спытацца, ці я лесбіянка, то я скажу – не, я ёй не ёсць».

А вось Зігмас Вайшвіла, які таксама прэтэндаваў на пасведчанне кандыдата, але не здолеў сабраць дастатковую колькасць подпісаў грамадзян, просіць, каб Камісія па люстрацыі прадставіла ўсе звесткі пра кандыдатаў у прэзідэнты: «Больш за ўсё няяснасцяў маецца з Казімірай Прунскене і Даляй Грыбаўскайтэ, якая не афішуе сваю біяграфію і біяграфію сваёй сям’і», - сцвярджае З. Вайшвіла.

Ён патрабуе пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю пра тое, што Грыбаўскайтэ ці яе бацькі працавалі на КДБ, а таксама прадставіць дадзеныя пра паходжанне кандыдаткі: « Калі інфармацыя пра тое, што маці Д. Грыбаўскайтэ – гэта Раіса Гапанава - слушная, то гэта выклікае сумневы ў тым, што кандыдатка ёсць літоўкай паводле паходжання», - заявіў Вайшвіла.

«Я думаю, што вырашэнне такіх пытанняў – гэта прэрагатыва Камісіі па люстрацыі. Я шматразова заяўляла, што ні я, ні мае бацькі ніяк не былі звязаныя з нейкімі структурамі. Я бы хацела, каб гэта паклёпніцкая кампанія супраць мяне і розныя спекуляцыі хутчэй спыніліся. Мяркую, што публічнасць і празрыстасць усім пойдзе на карысць. Мая маці – літоўка, з роду Корсакавасаў, тата таксама літовец, абодва яны аўкштайты, а я нарадзілася і вырасла ў Вільні», - адказала на прэтэнзіі Грыбаўскайтэ.

Камісія па люстрацыі, у сваю чаргу, паведаміла, што дадзеных пра сувязях Д. Грыбаўскайтэ ці яе бацькоў з КДБ знойдзена не было.

***

Даля Грыбаўскайтэ нарадзілася ў 1956 г. у Вільні. У 1983 г. скончыла Ленінградскі універсітэт імя Жданава па спецыяльнасці «Палітычная эканоміка», а ў 1991 – праграму для кіраўнікоў у Міжнародным інстытуце эканамічных стасункаў у ЗША. У 1988 г. абараніла доктарскую дысертацыю у Маскоўскай акадэміі грамадскіх навук.

У 1990 годзе пачала кар’еру ў сферы палітыкі фінансаў і замежных спраў. У 1994-1995 – паўнамоцны міністр у місіі Літвы пры Еўразвязе, у 1996-1999 – пры амбасадзе Літвы ў ЗША.

У 2000 г. прызначана віцэ-міністрам замежных спраў, у 2001 г. – міністрам фінансаў. З 2004 г. дэлегавана ў Еўрапейскую камісію, дзе стала еўракамісарам, адказным за фінансавае праграмаванне і бюджэт.

У 2005 г. выданне "European Voice" абвясціла Д. Грыбаўскайтэ Камісарам году. Выданне "Wall Street Journal" назвала яе «жалезнай ледзі», параўнаўшы з Маргарэт Тэтчэр.

Мае ранг надзвычайнай і паўнамоцнай амбасадаркі, размаўляе па-ангельску, па-руску, па-польску і па-французску. Не замужам.

Стася Мініч, паводле DELFI

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0