Урад Літвы ў сераду прыступіў да разгляду плана дапамогі жыхарам Беларусі, у ім вызначаецца даванне дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій беларусам, піша Delfi.

План прадставіў на нарадзе ўрада ў сераду міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус. Ён сказаў, што з рэзерву ўрада Міністэрству аховы здароўя намячаецца выдзеліць да 100 тысяч еўра гуманітарнай дапамогі.

Таксама прапануецца вылучыць з асігнаванняў Міністэрству адукацыі, навукі і спорту сто дзяржаўных стыпендый для навучання беларускіх студэнтаў у ВНУ Літвы.

Асобная дапамога яшчэ ў гэтым годзе прадугледжана і для Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ). «Магу сказаць, што мы плануем вылучыць на гэта 200 тысяч еўра», — сказаў Лінкявічус.

Разглядаюцца магчымасці спрашчэння выдачы віз грамадзянам Беларусі — яны будуць выдавацца па запрашэнні юрыдычных асоб.

Міністр эканомікі і інавацый Рымантас Сінкявічус кажа, што міністэрства атрымала зварот 21 кампаніі сферы ІТ з Беларусі, якія жадаюць працаваць у Літве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0