Гэта архіўны матэрыял. Упершыню быў апублікаваны ў папяровай версіі «Нашай Нівы» ў верасні 2016 года.

***

Валерый Вакульчык, фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Валерый Вакульчык, фота Дар'і Буракінай, Tut.by

У афіцыйнай біяграфіі няма нават месца нараджэння

Што ж гэта за чалавек, Валерый Вакульчык? Апошнія 30 гадоў ён працуе ў сілавых структурах.

Такія людзі ніколі не расказваюць пра спецыфіку сваёй працы, звычайна маўчаць і іх калегі. У прэсе фактычна няма ніводнага інтэрв’ю галоўнага чэкіста краіны, ён толькі зрэдку дае кароткія каментары.

Калі чытаеш біяграфію Вакульчыка, складваецца ўражанне, што ён выпаў з жыцця ад пачатку 1980-х, калі паступіў у Харкаўскае гвардзейскае вышэйшае танкавае каманднае вучылішча, і ажно да 2008 года. Тады ён узначаліў новую спецслужбу — Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце.

Адзіны артыкул пра шлях Вакульчыка да ўлады быў апублікаваны на апазіцыйным партале «Беларускі партызан» яшчэ ў 2011 годзе. Спецслужбіст быў апісаны надзвычай крытычна.

Паводле інфармацыі партала, Вакульчык пачынаў кар'еру ў Брэсцкім памежным атрадзе.

Шарамет звязваў высокае прызначэнне Вакульчыка з сынам кіраўніка дзяржавы, Віктарам Лукашэнкам, што служыў сярод тых самых брэсцкіх памежнікаў.

Вакульчык — адзін з тых беларускіх топ-чыноўнікаў, у чыіх афіцыйных біяграфіях не ўказваецца месца нараджэння.

Хоць для аднавяскоўцаў спецслужбіста і для інтэрнэту таямніцы ў гэтым няма: яны з гатоўнасцю расказваюць пра дзяцінства Валера і незвычайную для савецкіх часоў гісторыю яго сям’і.

Малая радзіма

Малая радзіма старшыні КДБ — аграгарадок Радастава за некалькі кіламетраў ад украінскай мяжы. Гэта прымежная зона з дзяржавай, якая знаходзіцца ў стане вайны, таму без дадатковай праверкі дакументаў суворымі памежнікамі з аўтаматамі не абысціся.

Радастава знаходзіцца напаўдарозе з Драгічына ў Дзівін — месца стварэння першых часцей Украінскай паўстанцкай арміі. Аднак у самім Радаставе ў вайну дамінавалі партызаны іншыя, савецкія.

Сяло даволі вялікае, у ім жыве каля 1300 чалавек, ёсць з дзясятак крамаў.

«У дамах парадак, рамонт добры. Але працы няма. Калгас невялікі, бульбы няма, буракоў няма, ільну не сеюць… Толькі даярка і механізатар працуюць. У лясгасе яшчэ пару чалавек. І што яны цяпер, дармаеды? Ну якія тут дармаеды. Дзяцей гадуюць, неяк выжываюць. Многія катаюцца ў Расію на заробкі»,— дае кароткую справаздачу пра вясковую рэальнасць колішняя суседка Вакульчыкаў.

Галоўная бяда ў Радаставе тая ж, што і ў іншых вёсках, — п’янства. Цікава, што гэта спалучаецца з рэлігійнасцю. Жыхары запэўніваюць, што ў праваслаўную царкву ходзяць і старыя, і маладыя. Ёсць нават нядзельная школка для дзетак. А вось пяцідзясятнікі ў Радаставе не прыжыліся.

Маці — настаўніца беларускай мовы

Выпускнікі радастаўскай школы з любоўю згадваюць пра маці Вакульчыка.

Марыя Аляксееўна — тыповая прадстаўніца вясковай інтэлігенцыі. Яна нарадзілася ў сям’і бібліятэкаркі. Дзяцінства правяла ў вёсцы Аляксеевічы, а школу заканчвала ў суседніх Брашэвічах (старая мясцовая назва, там говар вельмі своеасаблівы, — БрашэвЭ-чэ).

Марыя спрабавала паступіць у медыцынскі ўніверсітэт, але не прайшла конкурс. Давялося вучыцца на завочным гуманітарным факультэце Брэсцкага педагагічнага ўніверсітэта.

Дзяўчына стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Выкладчыцкую працу яна пачала ў вёсцы Заверша, дзе і сустрэла свайго будучага мужа, разам з якім неўзабаве пераехала ў Радастава. Усе вышэйпералічаныя вёскі — гэта Драгічынскі раён.

«Зараз хай бог прабачыць»

Пра асабістыя якасці Паўла Дзянісавіча Вакульчыка, бацькі спецслужбіста, вяскоўцы расказваюць нямнога, хоць памятаюць яго выдатна. У 1971—1986 гадах ён узначальваў мясцовы калгас «Чырвоны партызан» (цяпер СПК «Радастаўскае»), меў нават ордэн «Знак пашаны».

У сям’і гадаваліся трое дзяцей. Валер быў старэйшым, пасля нарадзіліся Галіна (па словах землякоў, скончыла Лінгвістычны, жыве ў Мінску) і Сяргей (жыве ў Кобрыне).

Вяскоўцы кажуць, што дзеці былі старанныя.

На бяду, у канцы 1980-х сям’я развалілася.

«Ён знайшоў маладую і з’ехаў з ёй у Кобрын», — расказвае сусед, не хаваючы свайго абурэння.

Кінуць працу і сям’ю дзеля кахання — нетыповая сітуацыя для шматдзетнага старшыні калгаса ў савецкія часы. Што стала дакладнай прычынай ягоных паводзінаў, вяскоўцы не тлумачаць.

«Бацька сышоў, калі дзеці былі школьнікамі. Ведаеце, як яны перажывалі?» — згадвае іншая знаёмая сям’і. Гаворка ідзе пра малодшых дзяцей, Валер тады ўжо служыў у войску.

«Усе дзеці разам з мамай ездзілі ў Кобрын на пахаванне бацькі. Ведаеце, як яна сказала на развітанні? «Павел, я цябе прабачыла, зараз хай бог прабачыць», — цытуе Марыю Аляксееўну колішняя суседка.

Пасля разводу раз’ехаліся ўсе

Дом у Радаставе, у якім нарадзіўся Вакульчык, стаіць дагэтуль, але ў ім ўжо даўно жывуць іншыя людзі. Справа ў тым, што ён ад пачатку быў службовым. Калі ў 1986 годзе бацька сышоў з «Чырвонага партызана», давялося аддаваць новаму калгаснаму начальніку і хату.

Маці ў той час ужо працавала дырэктаркай школы. Яе перавялі на аналагічную пасаду ў вёску Ліпнікі, гэта некалькі кіламетраў ад Драгічына.

Пасля выхаду на пенсію Марыя Аляксееўна засталася жыць там. Яна ўзначаліла мясцовую ветэранскую арганізацыю. Драгічынская раёнка ўвесь час паведамляе пра поспехі яе ліпніцкай «пярвічкі».

«Яна нам як маці родная, — згадваюць яе вучні з Радастава. — Прыязджае заўсёды на сустрэчы, вітаем яе з хлебам-соллю, такое вось прыцягненне».

«Як Вакульчык прыязджаў у Радастава на сустрэчу выпускнікоў, у хату нават не заходзіў», — расказвае гаспадар былога калгаснага дома, дзе вырас Валер.

Жыве ў элітным раёне сярод чыноўнікаў

Інфармацыі пра асабістае жыццё Вакульчыка небагата.

Па словах мясцовых, жонка спецслужбіста таксама паходзіць з Радастава. Дачка Аксана на старонцы ў сацыяльных сетках адзначыла, што вучылася ў мінскім ліцэі №1 у раёне Паўднёвага Захаду, а пасля паступіла ў Эканамічны ўніверсітэт, які паспяхова скончыла некалькі гадоў таму.

Вакульчык узнік на беларускім палітычным гарызонце ў канцы 2000-х, калі ўзначаліў толькі што створаны Аператыўна-аналітычны цэнтр. Кар'ерны рост дазволіў атрымаць кааператыўную трохпакаёўку ў Сухараве. Кватэры ў гэтым доме пераважна будаваліся праз ільготныя крэдыты «Беларусбанка».

Неўзабаве Вакульчык як старшыня Следчага камітэта атрымаў 12 сотак зямлі ў Вяснінцы («Дразды-2») паводле рашэння Мінгарвыканкама №1219 ад 17красавіка 2012 года.

Надзелы выдаваліся яму і яшчэ некалькім дзясяткам прадстаўнікоў палітычнай эліты не ва ўласнасць, а па праве пажыццёвага спадчыннага валодання.

Старшыня КДБ дабудаваў свой двухпавярховы катэдж плошчай каля 315 квадратаў. Будынак не надта вылучаецца сярод суседніх дамоў сілавікоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?