«Аб перакідцы нафтапатокаў магу пацвердзіць, што такая праца запланаваная. У найбліжэйшы час чакаюцца сустрэчы і неабходныя кантакты. Дэталізацыя будзе даступная па іх выніках», — сказаў журналістам прэс-сакратар канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Цішчанка, каментуючы журналістам заяву міністра энергетыкі Расіі Аляксандра Новака, піша «Інтэрфакс».

Як паведамлялася, Новак у панядзелак сказаў, што Расія найбліжэйшым часам ацэніць магчымасць пераарыентацыі перавалкі нафтапрадуктаў з краін Балтыі ў расійскія парты.

«Цяпер прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні эканамічных умоў, якія былі б выгадныя ўсім: і партам, і перавозчыкам, чыгунцы, і самім вытворцам нафты», — паведаміў Новак.

«Гэтая праца пачалася, яна ідзе. Думаю, што на працягу найбліжэйшых тыдняў яна будзе завершана. У верасні, так. Даручэнне ёсць, каб хутка завяршыць гэтую працу», — сказаў ён.

Па яго словах, свабодныя магутнасці ёсць. «Тут гаворка ідзе аб дамоўных адносінах, каб гэта было ўзаемавыгадна», — падкрэсліў міністр.

Аб'ёмы таксама з'яўляецца прадметам перамоваў, дадаў Новак. «Мы ацэньваем патэнцыял у 3-4 млн т нафтапрадуктаў. Можа, будуць іншыя лічбы», — удакладніў ён.

Як паведамлялася, магчымасць перакідання перавалкі нафтапрадуктаў з Літвы ў расійскія парты, у прыватнасці, ва Усць-Лугу абмяркоўвалася на перамовах прэм'ераў РФ і Беларусі на мінулым тыдні.

Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў якасці мер у адказ на санкцыі балтыйскіх краін Беларусь перастане карыстацца іх партамі для перавалкі сваіх экспартных грузаў (у асноўным, калійныя ўгнаенні і нафтапрадукты). Асноўны аб'ём транспартаваных марскім шляхам беларускіх грузаў праходзіць у Клайпедскім порце Літвы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0