Сацыяльныя сеткі і тэлеграм-чаты актыўна абмяркоўваюць выпадак, які здарыўся з Юліяй Хоміч. У сваіх «сторыз» інстаграма ў эмацыйнай манеры яна расказала наступную гісторыю: маўляў, праз палітычныя погляды ёй адмовілі ў абслугоўванні ў салоне «Эгаістка» на Лагойскім тракце.

Хоміч — актыўная прыхільніца Лукашэнкі. Яна з чырвона-зялёным сцягам ходзіць на акцыі, дзе крычыць «За бацьку». Палітычных апанентаў называе «бел-чырвона-белымі адмарозкамі». Сябе яна пазіцыянуе як «магістра права» і «юрысконсультам». Удзельнічала ў конкурсе прыгажосці Mrs Top of the World у Юрмале.

Хоміч кажа, што была запісаная ў «Эгаістку» на прыём, але напярэдадні ёй адмовілі, нібыта праз яе палітычную пазіцыю. «Гэта сапраўдны фашызм», — са шматлікімі клічнікамі пісала Хоміч. «Зло не будзе не пакараным», — працягвае яна.

У салоне «Эгаістка» «НН» патлумачылі, што ўсё было зусім не так, як падносіць гэта Хоміч. Адміністратарка салона Зарына Сафіуліна кажа: «Сапраўды, сем гадоў Хоміч хадзіла ў наш салон, да яе добра ставіліся. Яна сябравала з нашымі дзяўчатамі, шмат чаго расказвала асабістага».

Змены адбыліся пасля мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі 16 жніўня, які праходзіў на плошчы Незалежнасці. Хоміч там махала сцягам і інтэнсіўна выкрыквала «За бацьку».

«Мы заўсёды трымаемся крыху ўбаку ад палітычных тэмаў. Нашы работнікі і кліенты могуць быць розных поглядаў. Мы запрашаем усіх, бо дорым людзям прыгажосць. Хоміч прыйшла на наступны дзень на прыём на манікюр і пачала заводзіць размову пра палітыку. Яна давяла да слёз нашага майстра, дзяўчына сказала, што больш з ёй ніколі працаваць не будзе», — расказвае Сафіуліна.

«Разумееце, у Хоміч вельмі цяжкая энергетыка. Майстар па манікюры адмовіўся з ёй працаваць, вось і ўсё. Не трэба прыплятаць сюды палітыку: яна спрабуе выдаваць сябе за разумную, а паказвае дурное. Не разумею, навошта ёй гэтыя байкі. Я вельмі радая, што большасць людзей правільна зразумелі сітуацыю і падтрымліваюць нас у гэты момант», — сказалі нам у салоне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?