Нобелеўская лаўрэатка па літаратуры, сябра прэзідыума Каардынацыйнай Рады Святлана Алексіевіч у першай палове дне 9 верасня паразмаўляла з журналістамі, прыводзім некалькі цытат.

Святлана Алексіевіч. Фота Надзеі Бужан.

Святлана Алексіевіч. Фота Надзеі Бужан.

Пра палітыку афіцыйнай Расіі

«Канечне, Расія можа страціць Беларусь. Яна атрымае тэрыторыю, але не атрымае людзей. Яна страціць людзей, яна страціць сваіх братоў, а беларусы заўсёды лічылі рускіх сваімі братамі. Калі ў Расіі ёсць такая палітыка, то, як там спявалі ва ўкраінскай песні, не будзе больш братамі».

Пра магчымы ад’езд з Беларусі

«Не, я не хачу, але вы ведаеце, якія ў нас спосабы. Малайчына Маша [Калеснікава — «НН»], як яна, па-мойму, скончыла з гэтай практыкай: адпраўляць людзей кудысьці».

Пра атмасферу ўнутры Беларусі

«Гэта тэрор, тэрор супраць уласнага народа. Гэта значыць адзін чалавек ажыццяўляе тэрор супраць свайго народа. І мы, на жаль, аказаліся бездапаможныя».

Ці выходзіць цяпер на вуліцу?

«Выходжу, але не адна. Таму што, вы ж ведаеце, вось вы былі тут, усе… Вядома, вы пойдзеце — яны ўсё могуць зрабіць. Але я хачу сказаць, што мы павінны адзін аднаго падтрымліваць».

Пра Каардынацыйную раду

«Пасля таго, як забралі Максіма Знака, больш нікога ў прэзідыуме Каардынацыйнай рады не засталося. Але Рада будзе працаваць, людзей, насуперак запалохванням, далучаецца ўсё больш. Апусцелыя месцы зоймуць новыя асобы».

Пра пратэсты

«Лукашэнка кажа, што не збіраецца дамаўляцца з вуліцай. Але вуліца — гэта і ёсць народ. Не тыя, каго ён сам прызначыў «народам», а ўсе мы — настаўнікі, медыкі, айцішнікі. Увесь сацыяльны зрэз. А пыха ўлады якраз прыводзіць да небяспечнага разрыву. Як бы ні спрабавалі ягоныя прыслужнікі сцвярджаць, што выходзяць наркаманы і забойцы, увесь свет бачыць зусім іншае — цудоўныя, адухоўленыя твары сапраўдных беларусаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?