Звычайны мінскі двор паміж шматпавярховікамі за некалькі тыдняў паспеў стаць сапраўды культавым месцам. Жыхары зрабілі мурал з дыджэямі Сакалоўскім і Галанавым, вешалі гіганцкі бел-чырвона-белы сцяг паміж дамамі, рабілі сцяг з сотняў стужак, а на трансфарматарную будку павесілі шыльду з надпісам «Плошча Пераменаў».

Штодня на Плошчу Пераменаў прыязджаюць сілавікі і камунальнікі: здымаюць сцягі, зрываюць стужкі, зафарбоўваць мурал. Але жыхары не здаюцца: партрэты дыджэяў адмываюць, завязваюць новыя стужкі, сцягі — а ўвечары людзі збіраюцца разам, знаёмяцца, танчаць, спяваюць, сустракаюць гасцей. Тут ужо выступалі музыкі і артысты Купалаўскага, у дворыка з’явіўся інстаграм-акаўнт, а назву «Плошча Пераменаў» можна адшукаць нават на Гугл-картах і ў Яндэкс-таксі.

Сваю гісторыю Плошча Пераменаў адлічвае ад 18 жніўня. Менавіта тады невядомы аўтар намаляваў на трансфарматарнай будцы партрэты Улада Сакалоўскага і Кірыла Галанава, дыджэяў, якія ўключылі песню «Перамен» на праўладным мерапрыемстве. За свой учынак хлопцы атрымалі па 10 сутак.

Звычайна графіці доўга не жывуць, тым больш малюнкі з відавочна палітычным настроем. Здавалася, што такі лёс напаткае і гэты: ужо на наступны дзень яго аператыўна замалявалі. Але аказалася, што гэта быў толькі пачатак…

***

Увечары 9 верасня на Плошчы Пераменаў, як звычайна, шумна: некалькі дзясяткаў людзей сабраліся ў двары. Удзень у чарговы раз камунальшчыкі паспрабавалі замаляваць выяву дыджэяў, але яе амаль адразу адчысцілі жыхары. 

І цяпер дыджэі — на сцяне, бел-чырвона-белы сцяг разам са сцягам Мінска над сцяной, вакол гуляюцца дзеці, бегаюць сабакі. Дарослыя чакаюць канцэрту: сёння ў культавым двары выступае Зміцер Вайцюшкевіч.

Праўда, шыльду з надпісам «Плошча Пераменаў» камунальшчыкі ўсё ж ададралі. Але няма сумневаў, што новая з’явіцца хутка.

«Тут такое фактычна кожны дзень. Пачалося недзе 12 жніўня. Людзі пачалі спачатку выхадзіць у двор, знаёміцца. Пасля з’явіўся мурал, затым людзі стварылі агульны чат, у які дадаюцца не толькі жыхары канкрэтна гэтых дамоў, а і суседніх таксама, — расказвае адна з мясцовых жыхарак. — Паціху ўсе перазнаёміліся. Людзі пачалі збірацца разам на маршы, падтрымліваць адно аднаго па-суседску.

Частка суседзяў скардзілася на шум — да іх прыслухаліся, пачалі скончваць зборы не пазней за 22 гадзіну. Ну і была адна бабуля, якая зразала стужкі. З ёю пагаварылі, абмеркавалі, што ў яе адна пазіцыя, а ў нас іншая, і нічога страшнага ў гэтым няма. Яна паабяцала больш не ладзіць дыверсій. І ўсё, больш праблемаў не было».

Стужкі — гэта пра плот вакол дзіцячай пляцоўкі. Яшчэ нядаўна паміж дамамі лунаў гіганцкі бел-чырвона-белы сцяг, але сілавікі яго ўсё ж знялі. Для гэтага ім давялося рэзаць балгаркай дзверы на дах.

Цяпер сцяг замяніў плот, які ўвесь ўпрыгожаны стужкамі. Частка бел-чырвона-белая, частка стужак — чырвоныя і зялёныя. Іх таксама перыядычна намагаюцца зняць.

«Сёння прывезлі нейкіх: трое работнікаў і над імі чацвёра ў масках. Яны частку стужак знялі, але пасля проста сышлі. Можа, спрацавала, што жыхары сабраліся, пачалі казаць ім пра сумленне, стала няёмка», — расказваюць людзі.

Цяпер мясцовыя жыхары завязваюць стужкі назад. Робяць гэта разам з дзецьмі.

Пры гэтым людзі кажуць, што нейкай арганізаванасці ў іх і няма. На тканіну для стужак не скідваюцца — прыносяць самі, хто лічыць патрэбным. Адмываюць мурал таксама тыя, хто мае жаданне і час. 

«Вялікі сцяг сшылі жанчыны. Але пакуль мы вырашылі яго не вешаць, бо нашы дамы пачалі душыць штрафамі. Агулам тры дамы аштрафавалі на 18 тысяч рублёў», — расказваюць жыхары.

Тым часам на пляцоўцы прыбывае народу. Кірыл і Дар’я чакаюць канцэрту разам з двума дзецьмі.

«Дзеці пытаюцца, што адбываецца, але некаторыя моманты мы ім не расказваем, канечне. Праўда, было такое, што сын-другакласнік прыйшоў са школы і казаў: «У нас дзяўчынка ў класе за Лукашэнку! Уяўляеш?» Для яго дзіўна, што сустракаюцца людзі, якія падтрымліваюць Лукашэнку. Мы кажам, каб ён не абмяркоўваў гэта ў школе, але ж усё роўна дзеці самі ўсё ведаюць. Тым больш, у нас тут няма бабуль-дзядуль, і я бяру малога на мітынгі з сабою. Калі іду з ім, то сыходжу да 18:00 і стаю толькі з краю. Але ж ён чуе там крычалкі, кшталту «Лукашэнку ў аўтазак», хоць я іх паўтараць забараняю. Тлумачу, што гэта абмяркоўваюць толькі дарослыя, якія ўжо маюць выбарчае права, — кажа Дар’я. — Але не выходзіць я не магу. Лічу, кожны мусіць выказаць сваю пазіцыю».

Некаторыя бацькі прытрымліваюцца іншага пункту гледжання.

«Я сыну адкрыта кажу: бел-чырвона-белы сцяг — гэта наш гістарычны. Цяпер дзяржаўны іншы, бел-чырвона-белы забралі ў нас у 1994 годзе. Тлумачым, што цяпер людзі абураюцца, бо іх проста падманулі на выбарах. А чаму нам яго падманваць?» — кажа Вадзім, яго малы сын яшчэ ходзіць у садочак.

Хапае і людзей сталага веку.

«Мяне гэта «дзвіжуха» не абурае, а наадварот. Я сам 34 гады слухаю такую музыку і хаджу на мітынгі», — з гонарам кажа адзін з мясцовых жыхароў. Мужчыну 56 гадоў, ён інжынер на дзяржпрадпрыемстве. Кажа, нядаўна трапіў на суткі, на працы пагражалі звальненнем.

«Перадумалі пад гарантыю, што я больш не траплюся. Я сказаў: паспрабую, але гарантаваць не магу! Згубіць працу не хочацца, але як не выходзіць, калі бачыш, як затрымліваюць 17-гадовых дзяўчат?» — задаецца пытаннем суразмоўца.

Тым часам пачынаецца выступ Вайцюшкевіча: адразу з песні пра «Муры». Людзі падпяваюць.

Пакуль у двары спакойна. Два дні таму, 7 верасня, сюды прыехаў АМАП, праўда, калі ўсе ўжо разышліся. Але дваіх чалавек усё ж затрымалі.

«Я пайшоў сабраць з дзіцячай пляцоўкі смецце, пад’ехала некалькі машын сілавікоў. Акружылі, каб не змог сыйсці. Узялі мяне і суседа, які проста ішоў дадому», — расказвае мясцовы жыхар Васіль.

Яму адносна пашанцавала: разам з суседам іх адвезлі ў РАУС, на наступны дзень адпусцілі.

«Склалі пратакол за хуліганства, але сказалі, што калі цягам 10 дзён нам не патэлефануюць з міліцыі, то ўсё нармальна», — згадвае Васіль.

Цікава, што ён айцішнік, які працуе з нямецкімі партнёрамі. Кажа, калі яны даведаліся пра адключэнні інтэрнэту і затрыманні, то прапаноўвалі яму спачатку камандзіроўку ў Германію на месяц-два, а пасля і паўнавартасны пераезд.

«Пакуль я не хачу. Я люблю гэтую краіну, я хацеў бы тут жыць. Тут цудоўна, і людзі цудоўныя, — кажа Васіль. — Але калі нічога не зменіцца, то, найхутчэй, я з’еду. У мяне сын маленькі, і я хачу, каб ён рос у краіне, дзе чалавека паважаюць».

Праз паўгадзіны пасля пачатку канцэрта ў двор заязджаюць два мікрааўтобусы з АМАПам. Яшчэ адзін вялікі пасажырскі аўтобус стаіць трохі далей. Людзі панікуюць, але не разыходзяцца. Вайцюшкевіч працягвае спяваць, дзеці — бегаць вакол. Сілавікі пакуль што сядзяць у машынах.

«Амапаўцы прыехалі!» — папярэджвае прысутных дзесяцігадовы хлопчык на ровары.

Праўда, доўга сілавікі не чакаюць. Пад «Купалінку», якую людзі спяваюць хорам, фігуры ў чорным займаюць дзіцячую пляцоўку. Спеў абрываецца на паўслове, людзі крычаць Вайцюшкевічу: «Дзякуй!» Частка адыходзіць з дзіцячай пляцоўкі, частка застаецца на ёй заблакаванай.

Сілавікі папярэджваюць у мегафон пра «несанкцыянаванае мерапрыемства», на гэта людзі адкрыта абураюцца: маўляў, мы тут жывём.

«Вы палохаеце дзяцей, сыдзіце адсюль!» — крычаць жанчыны.

Амапаўцы прапускаюць тых, хто хоча выйсці. Абыходзіцца без затрыманняў, але людзі не сыходзяць канчаткова. Частка застаецца каля пад’ездаў, частка вяртаецца ў кватэры і выглядвае з вокнаў.

Тым часам акрамя чалавечкаў у чорным, з’яўляюцца сілавікі ў зялёнай форме. Яны аточваюць трансфарматарную будку, хтосьці пачынае хуценька замалёўваць чорнай фарбай выяву дыджэяў.

«Ганьба!» — крычаць ім людзі. У адказ амапаўцы паказальна абураюцца адно аднаму: павыцягвалі дзяцей на вуліцу у такі час і яшчэ чымсцьці незадаволеныя. Маўляў, што ў людзей у галаве?

Жыхары перыядычна скандуюць: «Гэта наш двор!» і «Жыве Беларусь!», але сілавікі не рухаліся з месца, пакуль мурал не быў знішчаны. Пасля «людзі ў чорным» сыходзяць, застаецца з дзясятак сілавікоў у міліцэйскай форме без пазнак і ў зялёным. Людзі просяць іх прадставіцца ці паказаць дакументы, тыя не рэагуюць.

Паступова пара дзясяткаў жыхароў вяртаюцца на пляцоўку. Некаторыя спрабуюць завесці размовы з сілавікамі, тыя адказваюць: паміж сабою размаўляйце. Адзін з мужчынаў дастае Біблію і пачынае зачытваць сілавікам урывак з адкрыцця Яна Багаслова. Чытальніка здымае на мабільнік сілавік з камерай гоў-про на кепцы.

«І калі Ён зняў шостую пячатку, я зірнуў, і вось, сталася вялікае трасенне зямлі, і сонца счарнела, як валасяніца, і месяц зрабіўся бы кроў», — чытае мужчына.

Побач на арэлях катаюцца дзеці, мясцовыя жыхары прапаноўваюць адно аднаму гарбату ці каву. Абнюхваюць адно аднаго сабакі. Перад імі на дзіцячай пляцоўцы стаяць сілавікі. У паветры смярдзіць фарбай, якой замалёўвалі мурал.

Калі градус пратэстаў і зніжаецца ў гэтыя дні, то градус абсурду відавочна ўзрастае.

Пасля сілавікі прыганяюць парачку мужыкоў са стомленымі ад алкаголю тварамі: нейкія рабацягі ў цывільным. Рабацягі прыносяць лесвіцу, ціхар забіраецца наверх і доўга калупаецца, каб зняць бел-чырвона-белы сцяг. Нарэшце місія выкананая: знялі і нацыянальны сцяг, і нават сцяг Мінска.

Пляцоўка пусцее. Жыхары разыходзяцца, прыгаворваючы: «Да заўтра!» і «Дзякуй, суседзі! Дабранач!»

Сыходзяць і сілавікі. Цяпер на дзіцячай пляцоўцы замест дзяцей — пустата, замест спеваў — цішыня. А замест дыджэяў — двое сілавікоў у масках, якіх пакінулі чакаць, пакуль смярдзючая фарба высахне.

Доблесныя сілавыя структуры зноў уцёрлі нос бяздарным чэшскім лялькаводам. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?