Беларусь хоча «вярнуцца ў супольнасць краін Еўропы і свету». Пра гэта прэм’ер‑міністр Італіі Сільвіо Берлусконі заявіў журналістам 28 красавіка ў Варшаве пасля заканчэння перамоў з польскім калегам Дональдам Тускам.

Напярэдадні італьянскі прэм’ер правёў трохгадзінную сустрэчу ў Рыме з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

«У заявах і пазіцыі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі я адчуў намер і жаданне вярнуцца ў супольнасць краін Еўропы і свету, выйсці з ізаляцыі, у якой знаходзіцца краіна», — цытуе Берлусконі агенцтва Франс Прэс.

На думку італьянскага прэм’ера, «настаў момант заклікаць Беларусь узняць свой узровень дэмакратыі бліжэй да еўрапейскага».
Ён зазначыў, што сустракаўся з Лукашэнкам, паколькі лічыць, што «дыялог заўсёды пажаданы, лепш сустракацца і абменьвацца думкамі». «Мы не павінны прапусціць момант, каб рэформы ў гэтай краіне сталі рэальнасцю», — заявіў Берлусконі.
У сваю чаргу Дональд Туск лічыць, што нармалізацыя адносінаў з Беларуссю магчыма на пэўных умовах.
«Вядома, збліжэнне залежыць ад жорсткіх і вядомых умоў: чым больш крокаў у бок дэмакратызацыі, тым больш збліжэння. Чым больш павагі правоў чалавека ў Беларусі, тым больш супрацоўніцтва», — заявіў польскі прэм’ер. «Мы абодва па‑ранейшаму крытычна ставімся да дэмакратычных стандартаў у Беларусі», — сказаў Туск.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0