Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка ў панядзелак правядуць перамовы ў Сочы. Гэта будзе першы замежны візіт Лукашэнкі пасля прэзідэнцкіх выбараў, у сувязі з вынікамі якіх у краіне пачаліся масавыя пратэсты.

Расія, у адрозненне ад шэрагу заходніх дзяржаў, прызнала легітымнымі абвешчаныя ЦВК вынікі галасавання. Візіту Лукашэнкі ў РФ папярэднічала інтэнсіўная падрыхтоўка, уключаючы паездку ў Мінск на пачатку верасня прэм'ер-міністра РФ Міхаіла Мішусціна. Па словах самога Лукашэнкі, у часе яго сустрэчы з Пуціным плануецца канчаткова расставіць усе кропкі над «i» па найбольш адчувальных і балючых для дзвюх дзяржаў тэмах.

Як паведаміла прэс-служба Крамля, на перамовах у Сочы будуць абмяркоўвацца ключавыя пытанні далейшага развіцця расійска-беларускіх адносін стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва.

«Асаблівую ўвагу плануецца надаць рэалізацыі буйных сумесных праектаў у гандлёва-эканамічнай, энергетычнай і культурна-гуманітарнай галінах, а таксама перспектывам прасоўвання інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы», — адзначылі ў Крамлі.

Па словах прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, падпісанне якіх-небудзь дакументаў па выніках сустрэчы не плануецца.

Як адзначыў Пяскоў, з улікам тых падзей, якія перажывае Беларусь, гэта важны візіт, Ён нагадаў, што на ўзроўні экспертаў і розных ведамстваў не спыняецца праца над такімі тэмамі, як дарожныя карты па інтэграцыі, цэны на энергарэсурсы, розныя запазычанасці, узаемадзеянне па лініі прадпрыемстваў і гэтак далей.

Будзе, у прыватнасці, абмяркоўвацца і пытанне рэфінансавання беларускага дзяржаўнага доўгу перад РФ.

Прадстаўнік Крамля пры гэтым назваў «абсалютнай лухтой» размовы пра нібыта магчымае «паглынанне» Расіяй Беларусі пасля візіту Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0