Музычны прадзюсар і вядучы Сяргей Будкін напісаў у фэйсбуку поўны роспачы допіс аб тым, што тэлеканал «Белсат» закрывае перадачу Belsat Music Live. Праграма выходзіла ў эфір ад пачатку 2017 года, была зацверджаная і на новы сезон, які пачынаецца ў верасні.

Сяргей Будкін, фота Надзеі Бужан

«Мяне і маю каманду, якая робіць Belsat Music Live, кінулі! — эмацыйна пачынае пост Будкін. — 19 верасня павінна выйсці першая ў новым сезоне праграма з этна-трыа «Тройца», якую мы знялі на руінах храма ў Беразаўцы пад Карэлічамі. Магчыма, яна стане апошняй у гісторыі BML. Рашэнне пра закрыццё нашай праграмы было раптоўна прынятае напрыканцы жніўня ў той момант, калі ўжо быў запушчаны працэс вытворчасці некалькіх праграмаў.

Нягледзячы на раней дасягнутую дамоўленасць на запуск сезона і на тое, што праграма ўжо была запланаваная ў сетцы вяшчання. Без тлумачэнняў і выбачэнняў. Дырэктарка канала, якая аднаасобна прыняла гэтае рашэнне, з намі размаўляць не пажадала, прасіла перадаць праз трэціх асобаў, што не будзе чуць ніякіх аргументаў. На маё тэлефанаванне яна адказала, што нічога не ведае, а пазней напісала, што «няма такога права чалавека, як прадукцыя праграмы на «Белсаце» і што званкі і скандалы не дапамогуць».

«На кампрамісную прапанову, агучаную 28 жніўня, захаваць праграму з выхадам 1 раз на месяц я адказу дагэтуль не атрымаў», — адзначае Будкін. Ён адзначае, што вырашыць пытанне кулуарна не атрымалася, таму вырашыў напісаць пост.

Дырэктарка «Белсата» Агнешка Рамашэўская пісьмова патлумачыла для «Нашай Нівы» пазіцыю тэлеканала: «У сувязі з падзеямі гэтага лета (мабыць, маюцца на ўвазе прэзідэнцкія выбары і пратэсты пасля іх — НН) і неабходнасцю прадастаўлення сродкаў на журналісцкую інфармацыйную службу бягучых падзей, мы былі вымушаны ўнесці змены ў восеньскі графік вяшчання. Некалькі перыядычных праграм былі прыпыненыя альбо спыненыя, некаторыя з іх будуць пераробленыя. Мы павялічылі сродкі на іншыя праграмы, якія ў цяперашні час асабліва цікавяць людзей. На жаль, бюджэт не гумавы».

Тым не менш Рамашэўская сцвярджае, што «Белсат» па-ранейшаму адкрыты для супрацы з беларускімі музыкамі: «Мы прапанавалі Сяргею Будкіну падрыхтаваць кліпы для пэўных артыстаў і выканаць іншыя задачы, напрыклад, падрыхтаваць навагодні канцэрт і шоу. На жаль, як я бачу, ён іх не прыняў, і яго спосаб займацца прафесійнымі пытаннямі, мякка кажучы, незвычайны», — адзначае дырэктарка «Белсата».

Сам Сяргей Будкін кажа, што спыняе супрацоўніцтва з каналам.

«Прапанову, перададзеную праз трэціх асобаў, я не магу ўспрымаць сур'ёзна і лічу яе спробай сысці ад адказнасці. Маю праграму, неглядзячы на дамоўленасць, скасавалі, калі было зроблена 50% працы.

Лічу, што далейшы дыялог магчымы, толькі калі мне і маёй камандзе будуць прынесеныя выбачэнні за такое стаўленне да тых, хто фармаваў імідж канала цягам пяці год», — сказаў прадзюсар у каментары «НН».

Сяргей Будкін на здымках перадачы. Фота з facebook.com

Belsat Music Live — гэта перадача, у якую штотыдзень запрашаўся нехта з беларускіх музыкаў. Рабілася гутарка са спевакамі, а пасля музыкі выконвалі свае хіты.

У вытворчасці праграмы прымалі ўдзел каля 20 чалавек. Праз BML прайшлі больш за сотню музыкаў.

Стваральнікі перадачы кажуць, што рабілі яе за невялікія грошы, нашмат меншыя, чым аналагічныя шоу у Расіі ці Украіне. Канкрэтную суму не называюць. Кажуць, што для эканоміі здымалі блокамі па 6-7 перадач. Гэта займала па два дні з невялікімі перапынкамі на сон.

«Мы героі, а з намі па-скоцку», — падсумоўвае Сяргей Будкін.

Чытайце таксама: «Любы артыст, які займаецца сабой, даходзіць да таго, што варта спяваць па-беларуску» — вялікая гутарка з Сяргеем Будкіным

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?