У Навагрудку хутка можа з’явіцца помнік каралю Міндоўгу. У сувязі з тысячагоддзем узгадвання імя Літвы і 965‑годдзем Навагрудка мясцовы райвыканкам вырашыў узвесці мемарыял першаму і адзінаму каралю ВКЛ, які, па меркаванні беларускіх гісторыкаў, быў каранаваны менавіта ў гэтым горадзе.

Паводле слоў скульптара Генадзя Буралкіна, аўтара праекта, у яго ўжо ёсць гатовы эскіз. Задума мінскага скульпатара такая: Міндоўг на кані і з мячом у руцэ, адліты з бронзы ў паўтары натуральныя памеры. Бронзавую кампазіцыю скульптар прапануе ўсталяваць на каменны пастамент.

«Сёння ўжо маем эскіз — упэўнены ў сабе кароль гатовы змагацца і ахоўваць межы сваёй дзяржавы. Конная статуя мусіць размясціцца ў гістарычным цэнтры Навагрудка» — распавядае скульптар.

«Вялікае княства Літоўскае заклала асновы беларускай дзяржаўнасці і фарміравання беларускай народнасці, а падтрымка Папы Рымскага толькі сведчыць пра тое, што мы пачалі ўваходзіць у Еўропу яшчэ ў тыя далёкія сярэднія вякі», — кажа галоўны спецыяліст аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Вячаслаў Лаўрэшчук, — «Першай сталіцай дзяржавы быў Навагрудак, вакол якога Міндоўг аб’яднаў раздробленыя беларускія і літоўскія землі. Дзякуючы гэтаму ўдалося спыніць шматлікія напады, у прыватнасці мангола‑татарскія набегі».

Аднак, як піша беларуская газета «Рэспубліка», помніка Міндоўгу ў Навагрудку няма, і мясцовы райвыканкам прыняў рашэнне выправіць недахоп, мяркуючы, што такі помнік стаў быў помнікам беларускай дзяржаўнасці.

«Хацелася бы здолець адкрыць манумент менавіта ў Год роднай зямлі», — адзначае В. Лаўрэшчук, — «Усім беларусам неабходна ведаць, адкуль ідуць крыніцы нашай дзяржавы, таму помнік Міндоўгу мае не лакальнае значэнне — гэта помнік нашай дзяржаўнасці».

Наста Мініч; паводлеdelfi.lt

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0